Палата прадстаўнікоў ухваліла сьмяротнае пакараньне за «замах на ўчыненьне актаў тэрарызму»

Палата прадстаўнікоў, 2020 год

Законапраект аб зьмяненьні Крымінальнага кодэксу быў ухвалены адразу ў двух чытаньнях. На чарзе разгляд яго Саветам Рэспублікі і подпіс Лукашэнкі.

Паводле Палаты прадстаўнікоў, законапраектам прапануецца ўнясеньне зьменаў у Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць магчымасьць прымяненьня сьмяротнага пакараньня за замах на ўчыненьне актаў тэрарызму.

«Адна з найбольш сур’ёзных пагроз бясьпецы і стабільнасьці любога грамадзтва — тэрарызм. Спрабуючы разгайдаць сытуацыю ў Беларусі, справакаваць унутрыдзяржаўную нестабільнасьць і канфлікты, дэструктыўныя сілы працягваюць тэрарыстычную, экстрэмісцкую дзейнасьць, накіраваную на гібель людзей.

Не спыняючыся ні перад чым, робяцца дзеяньні длявываду са строю чыгуначнага абсталяваньня і пуцей, абʼектаў стратэгічнага значэньня, падпалу жылых дамоў, падрыву аўтатранспарту ў месцах масавага адпачынку і вялікай колькасьці людзей», — сказаў з гэтай нагоды старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

Дэпутаты прапануюць увесьці сьмяротнае пакараньне за замах на ўчыненьне актаў тэрарызму, паведаміла журналістам сябра Пастаяннай камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская:

«Вы паглядзіце, у якой няпростай замежнапалітычнай сытуацыі мы сёньня жывём. І відавочна, што працягваецца дэстабілізацыя грамадзка-палітычнага і эканамічнага становішча ў нашай краіне. Калі раней гэта было менш радыкальна, то цяпер бачым канкрэтныя радыкальныя праявы і радыкальныя заклікі, якія, на жаль, падтрымліваюцца і замежнымі дзяржавамі, і арганізацыямі. Праваахоўныя органы фіксуюць значную колькасьць тэрарыстычных памкненьняў у дачыненьні да крытычна важных аб’ектаў, інфраструктурных абʼектаў: транспартных, вайсковых, энэргетычных. І сёньня трэба паставіць дакладны заканадаўчы барʼер, прэвэнтыўны», — сказала Лянчэўская.

Яны прызнала, што грамадзкіх абмеркаваньняў законапраекту не праводзілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыну шчыра сказаў: „Мама арыштаваная“». Муж распавядае пра затрыманую ў справе аб тэрарызьме Алесю Буневіч

У Беларусі заведзеныя крымінальныя справы супраць апанэнтаў уладаў нібыта за падрыхтоўку да актаў тэрарызму, у тым ліку за псаваньне чыгуначнага абсталяваньня ў 2022 годзе, удзел у пратэстах 2022 году. Такія абвінавачаньні завочна выставілі палітычным дзеячам Паўлу Латушку і Сьвятлане Ціханоўскай, а 39-гадовага менчука Аляксандра Зайцава асудзілі на 10 гадоў нібыта за замах на акт тэрарызму групай асоб за спробу падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату суду над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Аўтуховічам, якога абвінавачваюць у тэрарызьме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хапалі праз чуткі аб магчымай дывэрсіі на МНПЗ». За што ў Мазыры затрымалі 33 чалавекі