У Менску вынесьлі першы вырак абвінавачанай у «справе Tut.by». Яна ўжо на волі

Дар'я Данілава на волі. Менск, 25 красавіка

Мэнэджарку TAM.BY (уваходзіць у склад ТАА «Тут Бай Медыа») Дар'ю Данілаву 25 красавіка прызналі вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.

Разгляд крымінальнай справы пачаўся 22 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Праз тры дні судзьдзя Алег Каляда абвясьціў прысуд. Дарʼю прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 і прызначылі 1 год і 4 месяцы калёніі агульнага рэжыму, паведамляе Zerkalo.io.

Улічваючы тэрмін, праведзены ў СІЗА, яе адпусьцілі ў залі суду.

У зьняволеньні Дарʼя Данілава правяла больш за 11 месяцаў. Прысуд не набыў моцы і можа быць абскарджаны.

Дарʼю Данілаву затрымалі 18 траўня 2021 году ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць парталу Tut.by за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).

Таксама зьмянілі меры стрыманьня яшчэ дзьвюм фігуранткам справы — Ірыне Касьцючэнцы і Кацярыне Ткачэнцы, якія былі пад хатнім арыштам.

Усяго па справе Tut.by у траўні 2021 году затрымалі 15 чалавек. У сакавіку зь СІЗА выпусьцілі рэдактарку парталу Вольгу Лойку, Аляксандра Дайнеку — намесьніка генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях, Андрэя Аўдзеева — мэнэджара Publisher Box.

У СІЗА застаюцца 4 тутбаеўцы: галоўная рэдактарка Марына Золатава, генэральны дырэктар Людміла Чэкіна, журналістка Алена Талкачова, галоўны інжынэр Ала Лапатка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь СІЗА вызвалілі яшчэ траіх фігурантаў па справе TUT.ВY, аднак абвінавачаньні ня зьнятыя