Гвалт узмацняе супраціў у адказ — вынікі апытаньня ва Ўкраіне

Разьвітаньне ўкраінскіх салдатаў зь іх каханымі перад адпраўкай на фронт

Чым больш людзі пацярпелі ад нападаў расейскіх вайскоўцаў, тым больш яны настроеныя на супраціў — такі вынік быў атрыманы падчас апытаньня, праведзенага ўкраінскім дасьледчым цэнтрам InfoSapiens 9–12 сакавіка.

Падчас апытаньня тры чвэрці рэспандэнтаў сказалі, што маюць намер добраахвотна дапамагаць ахвярам вайны, 80% апытаных паведамілі, што зьбіраюцца аказаць неваенную падтрымку ўкраінскай арміі, а 49% маюць намер удзельнічаць у баявых дзеяньнях супраць агрэсара.

Пры гэтым сярод тых, хто наўпрост не зазнаў нападу расейскіх войскаў, пра намер ваяваць заявілі 48%; сярод тых, хто зазнаў хаця б адзін напад, — 55%; сярод тых, на каго было ўчынена больш за 10 нападаў, — 65%.

Дасьледчыкі адзначаюць, што намеры, якія людзі дэкляруюць, суадносяцца з тым, як яны дзейнічаюць насамрэч, хоць гэтая карэляцыя не абсалютная. Матывы аўтаматычна не трансьлююцца ў рэальныя паводзіны, але яны паказваюць імавернасьць такой трансфармацыі, — пішуць сацыёлягі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што думаюць пра вайну і кампраміс ўкраінцы і расейцы: перакуленае люстэрка

Напады расейскіх войскаў зазналі ўжо многія ўкраінцы. У апытаньні кожны пяты адказаў, што на яго быў учынены напад хаця б адзін раз, 36% заявілі пра напады на сваю сям’ю або блізкіх сяброў.

Як паказалі апытаньні InfoSapiens, падчас вайны гатоўнасьць украінцаў прыняць большасьць патрабаваньняў Расеі не павялічылася, а зьменшылася. У прыватнасьці, у апытаньні на пачатку сакавіка 75% апытаных выказаліся супраць афіцыйнага прызнаньня Крыму часткай РФ як умовы спыненьня вайны. Праз два тыдні колькасьць праціўнікаў гэтай саступкі вырасла да 84%.

У сакавіцкім апытаньні 85% рэспандэнтаў заявілі, што «Важна працягваць барацьбу з расейскай арміяй, нягледзячы на страты», а 86% — што нават калі Расея заваюе Ўкраіну, большасьць украінцаў будзе супраціўляцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы як народ — добрыя, Беларусь як краіна і ўлада — кепская». Вынікі апытаньня ва Ўкраіне

Больш за тры чвэрці ўкраінцаў абвінавачваюць ва ўварваньні ня толькі Крэмль, але і звычайных расейцаў.

Пры гэтым крыху больш за палову — 53% — украінцаў кажуць, што мелі блізкіх сваякоў ці сяброў у Расеі да вайны, 38% адзначаюць, што маюць іх і цяпер, а 15% сказалі, што больш ня лічаць сваіх расейскіх сваякоў і сяброў такімі.

77% тых, хто меў сваякоў ці сяброў у Расеі, перасталі зь імі мець зносіны — ці з усімі, ці хаця б зь некаторымі.

Палова апытаных украінцаў ня ведае пазыцыі сваіх расейскіх сваякоў ці сяброў адносна Пуціна — ці таму, што яны перасталі камунікаваць, ці таму, што не гавораць на гэтыя тэмы. Сярод астатніх амаль аднолькавы адсотак сказаў, што іх расейскія сваякі або сябры падтрымліваюць Пуціна (20%) і што не падтрымліваюць (17%).

Сацыёлягі InfoSapiens адзначаюць, што чым больш сярод расейскіх сваякоў і сяброў украінцаў тых, хто не падтрымлівае Пуціна, тым менш украінцы вінавацяць у вайне звычайных расейцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70% украінцаў віну за агрэсію супраць Украіны ўскладаюць на Лукашэнку — вынікі апытаньня

Дасьледчы цэнтар InfoSapiens не задаваў сваім рэспандэнтам пытаньня аб стаўленьні да Беларусі і беларусаў. Паводле дадзеных сацыялягічнай групы «Рэйтынг», украінцы ўскладаюць адказнасьць за вайну на беларускі народ у меншай ступені, чым на расейскі.

Але можна меркаваць, што палітыка-псыхалягічны мэханізм стаўленьня ўкраінцаў да расейцаў, апісаны ў дасьледаваньні InfoSapiens, мае месца і ў іх стаўленьні да беларусаў: чым больш галасоў зь Беларусі супраць вайны, асабліва ад сваякоў і сяброў, тым менш украінцы ўскладаюць адказнасьць за напад на Ўкраіну на беларускі народ.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.