Рэдактарку газэты «Новы Час» Аксану Колб затрымалі на 10 сутак. Сілавікі прыехалі з кувалдамі

Аксана Колб

20 красавіка да журналісткі прыйшлі сілавікі і павезьлі яе на допыт у Сьледчы камітэт.

Як паведамілі блізкія Аксаны Колб, група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала сёньня ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку «Новага Часу» на допыт у СК, піша выданьне ў тэлеграме.

Па якой справе і ў якім статусе Колб на допыце — невядома.

Каля 15 гадзіны Аксана Колб патэлефанавала блізкім і паведаміла, што яе зьмяшчаюць у ІЧУ да 10 сутак. Зь якой нагоды і па якой справе, па-ранейшаму невядома, піша @novychas.

Газэта «Новы Час» са жніўня 2021 году не выходзіць у папяровым фармаце, сайт novychas.by быў заблякаваны ўладамі ў кастрычніку 2021 году.

Раней Аксану Колб неаднаразова затрымлівалі, праводзілі ў яе ператрусы і канфіскоўвалі тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідзе змаганьне са свабодай слова і думкі». Апошняе слова на судзе журналіста Алега Грузьдзіловіча, якому пагражае 1,5 года турмы