Хроніка перасьледу 7 красавіка: аўтару артыкулаў у Вікіпэдыі прысудзілі 2 гады калёніі

Затрыманьні на акцыі пратэсту супраць вайны ва Ўкраіне падчас рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі. Менск, 27 лютага 2022 г.

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх погляды, рэгістрацыю ў пляне «Перамога», распаўсюд інфармацыі пра перамяшчэньне вайсковай тэхнікі, удзел у пасьлявыбарных пратэстах.

Берасьцейца Паўла Пернікава 6–7 красавіка судзілі за артыкулы ў Вікіпэдыі аб рэпрэсіях у Беларусі, катаваньні ў калёніях і ізалятарах. Як паведамляюць праваабаронцы, мужчыну абвінавацілі паводле артыкула 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Пракурорка Алена Ціхановіч на судзе прадставіла 3 факты, якія, на думку сьледзтва, падпадаюць пад гэты артыкул:

  • У «Вікіпэдыі» дапісаў абзац пра забойства Генадзя Шутава, а таксама пра (не)жаданьне беларускіх уладаў браць на сябе адказнасьць за такія сьмерці;
  • У «Вікіпэдыі» ў артыкул пра цэнзуру дадаў згадку пра забойства ў 2004 годзе журналісткі Чаркасавай;
  • На сайце праваабарончай арганізацыі выклаў артыкул пра катаваньні і сьмерці ў месцах пазбаўленьня волі.

Вядомы колькасьцю вынесеных палітычных прысудаў на Берасьцейшчыне судзьдзя Яўген Брэган ва ўсім пералічаным таксама ўбачыў дыскрэдытацыю дзяржавы. І ў выніку ён пагадзіўся з прапанаваным пракуроркай пакараньнем: 2 гады пазбаўленьня волі.

Жанчыну, якая напісала ліст супраць вайны, зьмясьцілі ў СІЗА за «абразу Лукашэнкі»

Як стала вядома брэсцкай «Вясьне», 4 красавіка затрымалі актывістку партыі БНФ з Маларыты Людмілу Рамановіч. 7 красавіка яе зьмясьцілі ў берасьцейскае СІЗА.

Жанчыне выставілі абвінавачваньні паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза прэзыдэнта Беларусі). Падставай для гэтага стаў ліст, які яна даслала ў Сьледчы камітэт.

Праз тыдзень пасьля маштабнага нападу Расеі на Украіну, Рамановіч накіравала зварот з гэтай нагоды ў адміністрацыю прэзыдэнта.

На бабруйчаніна, затрыманага за «распаўсюд інфармацыі аб перамяшчэньні вайскоўцаў», завялі 2 крымінальныя справы

Пра гэта паведамляе «БелТА» са спасылкай на Сьледчы камітэт.

Па вэрсіі сьледзтва, жыхар Бабруйску ў студзені 2022 году ўступіў у мабілізацыйны плян «Перамога». Ён пачаў фатаграфаваць і здымаць на відэа перамяшчэньні вайсковага транспарту і адпраўляць гэта «адміністратарам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, актыўным падпісчыкам якіх зьяўляўся сам».

СК сьцьвярджае, што затрыманага прыцягвалі ўжо раней да крымінальнай адказнасьці.

«Што характэрна, усё сваё сьвядомае жыцьцё ён працаваў у дзяржаўных арганізацыях і атрымліваў заробак зь дзяржбюджэту», — адзначылі ў ведамстве.

Мужчыну затрымалі, цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ. Супраць яго распачалі крымінальную справу аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні (частка 3 артыкула 361-1 КК) і садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, у тым ліку ўчыненае паўторна (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 КК).

Як зазначае СК Беларусі, затрыманы «пакаяўся ва ўчыненым і растлумачыў, што ня ведаў аб крымінальнай адказнасьці за такога кшталту дзейнасьць».

У Менску сужэнцаў асудзілі за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах

У судзе Ленінскага раёну Менску за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году асудзілі мужа і жонку Аляксея і Дар’ю Арбузавых, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Анастасія Ачалава асудзіла паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) палітзьняволенага Аляксея на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму за ўдзел у двух маршах, а Дар’ю — на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у адным маршы.

Паводле абвінавачаньня, 23 жніўня Аляксей «з мэтай публічнага выказваньня незаконнымі спосабамі сваіх грамадзка-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці, накіраванай у тым ліку на абвастрэньне напружанасьці ў грамадзтве», ажыцьцявіў блякаваньне руху транспарту — разам зь іншымі людзьмі сваімі дзеяньнямі парушыў рух 19 аўтобусаў і 5 тралейбусаў.

Акрамя гэтага, мужчыну інкрымінавалі ўдзел у акцыі пратэсту 30 жніўня. За гэты эпізод асудзілі і ягоную жонку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 красавіка: пэнсіянэрку затрымалі за камэнтар, былога палітвязьня Банцэра зноў будуць судзіць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 красавіка: затрыманьні за пратэсты ў 2020-м і рэгістрацыю ў пляне «Перамога»