Жонка палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’я расказала, што за апошнія некалькі тыдняў атрымала ад мужа пяць лістоў. Цяпер яна адна зь нешматлікіх людзей, з кім у Ігара захоўваецца больш-менш сталая сувязь.
«Ігар не атрымлівае лістоў нават ад брата і роднага дзядзькі, — кажа Дар’я. — У адным зь лістоў напісаў, што стаіць на ўліку як схільны да суіцыду. І гэтымі блякаваньнямі яны толькі абцяжарваюць сытуацыю. Кажа, што людзі яму пішуць. Губляюць час, грошы, эмоцыі на пісаньне лістоў. А іх у выніку ўсе выкідаюць у сьметніцу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Праяжджаю 900 кілямэтраў двойчы на тыдзень, каб прывезьці яму перадачу». Дар'я Лосік — пра сьмеласьць і вернасьцьПа словах Дар’і, праблемы зь перапіскай пачаліся прыкладна два месяцы таму, яны тычацца многіх вязьняў гомельскага СІЗА-3. Паводле інфармацыі Свабоды, незадоўга да пачатку вайны ва Ўкраіне лісты перасталі атрымліваць і іншыя палітвязьні. Перапіска магчымая толькі з найбліжэйшымі роднымі.
«Калі чалавека асудзілі на 15 гадоў, то забіраць у яго права на перапіску можа толькі той, хто мае схільнасьць да садызму, — кажа Дар’я Лосік. — Я спадзявалася, што нам дазволяць сустрэчу, але ў судзе сказалі, што Ігар цяпер знаёміцца з аўдыёфайламі паседжаньняў, гэта неабходна для апэляцыі. І, адпаведна, ён нібы ня можа зараз са мной пабачыцца, спатканьня мне не дадуць. Так мне патлумачылі. Сказалі званіць у суд яшчэ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Менскі гарадзкі суд прызначыў разгляд скаргі асуджанага на 1,5 года журналіста Грузьдзіловіча на 10 траўняДар’я кажа, што Ігар Лосік дагэтуль у шоку ад таго, што Беларусь увязалася ў вайну Расеі супраць Украіны і стала краінай-агрэсарам. Ігар разважае над тым, што ў Беларусі заўсёды праходзілі мірныя перамовы, у тым ліку па сытуацыі на Данбасе.
«Ігар сказаў, што ўжо пасьля 2020 году Лукашэнка сам сябе загнаў у кут, — перадае Дар’я словы мужа. — А зараз, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, усё стала зусім фатальна. Выкруціцца з гэтага ён ужо ня зможа».
Журналіст Свабоды Ігар Лосік быў арыштаваны ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году, яго абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі Гомельскага СІЗА-3, прызнаў Ігара вінаватым і асудзіў на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Цяпер Ігар па-ранейшаму ў СІЗА, чакае разгляду апэляцыі. Напісаць яму можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.