Начныя абстрэлы ў Луганскай і Днепрапятроўскай абласьцях. 38-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінскія вайскоўцы пасьля вызваленьня паселішча на Кіеўшчыне, 27 сакавіка 2022 году

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Запароскай вобласьці, як паведаміў украінскі Генэральны штаб, вызваленыя 5 паселішчаў.
  • Расея абвясьціла аб спыненьні агню ў заблякаваным Марыюпалі. Украіна накіравала 45 аўтобусаў па гуманітарным калідоры.
  • У Мікалаеўскай вобласьці ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 134 мірныя жыхары, у тым ліку 6 дзяцей.
  • Украіна атрымала ад ЗША першы груз зброі супраць танкаў, самалётаў і ракет. Усяго плянуюцца шэсьць такіх грузаў.
  • Міністэрства фінансаў ЗША пашырыла сьпіс санкцыяў супраць расейскіх прадпрыемстваў, установаў і грамадзянаў.
  • Расейскія войскі нанесьлі ўдары па Палтаве і Краменчуку
  • У Турэччыне прайшлі перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны. Пасьля іх Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Турэччына пагадзілася стаць гарантам бясьпекі Ўкраіны.
  • ААН: за пяць тыдняў вайны з Украіны выехалі 4 мільёны ўцекачоў.
  • Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала пералік 106 беларускіх вайскоўцаў з 38-й дэсантна-штурмавой брыгады вайсковай часткі 92616 зь Берасьця, якую нібыта спрабуюць уцягнуць у вайну з Украінай на баку Расеі.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнтаў Аўстраліі і Нідэрляндаў. Ён заклікае даць Украіне зброю. Ад пачатку расейскага ўварваньня Зяленскі ўжо зьвярнуўся да парлямэнтаў 17 краін.
  • Колькасьць загінулых дзяцей ва Ўкраіне з пачатку вайны вырасла да 158. Больш за 254 дзяцей былі параненыя.
  • У Кіеве з пачатку вайны пацярпелі 154 жылыя дамы, 20 прыватных сядзібаў, 27 дзіцячых садкоў і 44 школы.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 2 красавіка

Кіраўніцу беларускай суполкі Мікалаева знайшлі пад заваламі падарванай абласной адміністрацыі

Тацяна Дзяменьнікава ўзначальвала культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы».

Як стала вядома Свабодзе, Тацяну Дзяменьнікаву, якая працавала ў эканамічным дэпартамэнце Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і ўзначальвала Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы», сёньня дасталі з-пад завалаў.

Тацяна Дзяменьнікава стала адной з больш як 30 ахвяр, якія загінулі ў выніку абстрэлу расейцамі будынку абласной адміністрацыі. Яе цела апазналі сваякі.

86 украінскіх вайскоўцаў вызваленыя ў рамках абмену палоннымі з расейскім бокам

Сёньня яны едуць дадому, паведаміла віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук.

У Мікалаеве працягваюць даставаць людзей з-пад завалаў

У будынку аблдзяржадміністрацыі ратавальнікі працягваюць дэмантаж канструкцый і выманьне целаў загінулых з-пад завалаў. У цяперашні час 33 чалавекі загінулі і 34 параненыя.

Ад ДСНС задзейнічана 35 чалавек і 9 адзінак тэхнікі.

Над ЧАЭС зноў лунае ўкраінскі сьцяг

Як паведамляецца на афіцыйнай старонцы ЧАЭС, апэратыўны пэрсанал станцыі падняў яго сёньня, 2 красавіка.

Пад Севераданецкам пашкоджаны газаправод

Амаль уся вобласьць засталася без газу. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай.

Паводле паведамленьня, прычына пашкоджаньня — расейскі снарад.

Месца аварыі знаходзіцца ў зоне актыўных баявых дзеяньняў, пакуль у рамонтнікаў няма магчымасьці туды дабрацца. Некаторы час пасьля трапленьня гарэў газ, аднак пасьля агонь удалося пагасіць. Пагрозы насельніцтву і навакольнаму асяроддьзю няма, аднак без газу засталіся Севераданецк і бліжэйшыя населеныя пункты — прыкладна 60 тысяч абанэнтаў.

Нямеччына прыпыняе дэпартацыю правапарушальнікаў у Беларусь, Расею і Украіну

Гэта зьвязана з закрыцьцём паветранай прасторы.

«Дэпартацыя немагчымая праз закрыцьцё паветранай прасторы і прыпыненьня прамога рэгулярнага паветранага паведамленьня па фактычных прычынах» — паведамілі Welt у МУС Баварыі.

Украінскае войска паведамляе пра наступныя страты з боку Расеі:

  • Асабісты склад – 17800
  • Танкі – 631
  • Баявыя браніраваныя машыны – 1776
  • Артылерыйскія сыстэмы – 317
  • РСЗА – 100
  • ПВА – 54
  • Самалёты – 143
  • Транспартныя сродкі – 1236
  • Караблі і катэры – 7
  • БЛПА – 87
  • Спэцыяльная тэхніка – 24

Расейскі бок сьвежых дадзеных аб сваіх стратах не публікаваў.

Ва Ўкраіне паведамляюць пра выкраданьне мэра Таўрыйска Мікалая Рызака

Пра гэта піша Таўрычная гарадзкая тэрытарыяльная абшчына.

З вечара 1 красавіка адсутнічае інфармацыя аб ягоным месцазнаходжаньні.

Арастовіч: Украінскае войска за два дні можа выйсьці на мяжу з Беларусьсю

Узброеныя Сілы Украіны могуць узяць пад кантроль поўнач Кіеўскай вобласьці і выйсьці на мяжу з Беларусьсю на працягу двух дзён. Пра гэта дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў падчас тэлемаратона, піша РБК-Украіна.

Паводле яго слоў, расейскія войскі выйшлі з Чарнобыльскай АЭС, а ў напрамку Бравароў адступілі ў Сумскую вобласьць.
«Я думаю, што нашы войскі яшчэ сёньня-заўтра пройдуць туды (на поўнач) і можна будзе казаць, што будзе вызваленая тэрыторыя Кіеўскай вобласьці да беларускай мяжы», — сказаў Арастовіч.

Начныя абстрэлы ў Луганскай і Днепрапятроўскай абласьцях

Ноччу пад абстрэл зноў трапіў Лісічанск, пашкоджаныя 5 дамоў. Агулам за апошні дзень пад агнём апынуліся Севераданецк, Рубежнае, Лісічанск, Папасная, Горскае, Бярозавае і Ташкоўка. Пашкоджаны \ разбураны 31 аб’ект, зь іх 27 — жылыя дамы. Колькасьць ахвяраў высьвятляецца, — кіраўнік вобласьці.

Таксама расейскія войскі нанесьлі ракетныя ўдары па Днепрапятроўскай вобласьці. У Дняпры ракеты патрапілі ў інфраструктурны абʼект, сурʼёзна пашкодзіўшы яго, пацярпелі 2 чалавекі.

У Крывым Рогу ракеты патрапілі ў аўтазапраўку.

Расейскія войскі нанесьлі ўдары па Палтаве і Краменчуку

Пра гэта ў сваім Telegram паведаміў старшыня Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітрый Лунін.

Уначы расейцы 4 ракетамі ўдарылі па 2 аб’ектах інфраструктуры Палтавы, раніцай — удар па прамысловых прадпрыемствах Краменчука, у выніку ўспыхнуў пажар.

Колькасьць загінулых дзяцей ва Ўкраіне з пачатку вайны вырасла да 158

Больш за 254 дзяцей былі параненыя, — Офіс Генпракурора Ўкраіны.

ЗША дадуць Украіне яшчэ $ 300 мільёнаў ваеннай дапамогі

Пэнтагон абвясьціў аб дадатковай ваеннай дапамозе Украіне ў памеры 300 мільёнаў даляраў

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце Мінабароны ЗША.

Уначы расейцы 4 ракетамі ўдарылі па 2 аб’ектах інфраструктуры Палтавы, раніцай — удар па прамысловых прадпрыемствах Краменчуга, у выніку ўспыхнуў пажар

Населеныя пункты ў Кіеўскай вобласьці пераходзяць пад кантроль сіл Украіны

Цалкам вызвалены горад Іванкаў. Войскі Расеі амаль выйшлі з Браварскага раёну. Мэр Бравароў Ігар Сапожка кажа: «Многія жыхары вярнуліся ў горад. Паступова аднаўляецца праца малога і сярэдняга бізнэсу: адкрываюцца кампаніі, крамы, павільёны. Горад пачынае жыць сваім жыцьцём».

З словаў сакратара Бучанскай гарадзкой рады Тараса Шапраўскага, «горад Буча застаецца небясьпечным кірункам, ён пакуль акупаваны. Ёсьць правераная інфармацыя ад нашых Узброеных сілаў аб тым, што бранятэхніка рашыстаў і значная частка сілаў выведзена, аднак застаецца вялікая колькасьць дывэрсійных групаў і расейскіх вайскоўцаў, перапранутых у цывільнае. Таму сёньня вяртацца ў горад Бучу небясьпечна».

Расея абявіла аб спыненьні агню ў заблякаваным Марыюпалі

Украіна накіравала 45 аўтобусаў па гуманітарным калідоры. Мэта такога рашэньня, якое набывае моц 31 сакавіка з 10:00, — стварыць гуманітарны калідор для вываду цывільных з абложанага гораду, паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі.

Расейцы зноў абстралялі Луганшчыну, двое загінулых

Пасьля абстрэлаў гараць школы, жылыя будынкі і сховішча нафты. Пад абстрэлы трапілі дзясяткі жылых будынкаў. Два чалавекі загінулі, двое дзяцей у шпіталі ў цяжкім стане. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Украіна атрымала ад ЗША першы груз зброі супраць танкаў, самалётаў і ракет

Усяго заплянаваная пастаўка трох дзясяткаў новых амэрыканскіх грузаў. Міністэрства абароны ЗША перадала Ўзброеным сілам Украіны першую партыю з шасьці грузаў для павышэньня баяздольнасьці. Украінскія байцы атрымаюць Javelin і Stinger. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі.

Паводле яго, частка вайсковай дапамогі, якая прадугледжвае пастаўку каля 30 грузаў, ужо паступіла ва Ўкраіну.

«Матэрыялы паступаюць у рэгіён штодня, уключаючы апошнія 24 гадзіны», — сказаў Кірбі.

Прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што Злучаныя Штаты забясьпечваюць украінцам найбольш неабходнае ўзбраеньне, у тым ліку супрацьтанкавыя і зэнітныя сыстэмы, мабыць, маючы на ўвазе Javelin і Stinger. Акрамя таго, бесьпілётнікі Switchblade пачнуць пастаўляць «адносна хутка».

З пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ў Мікалаеўскую вобласьць загінулі 134 мірныя жыхары

У тым ліку загінулі 6 дзяцей, яшчэ 415 цывільных атрымалі раненьні, сярод іх 30 дзяцей. Такія лічбы прывёў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім 30 сакавіка на прэс-канфэрэнцыі, паведамляе Укрінформ.

Акрамя таго, паводле яго, пашкоджаныя 1622 цывільныя аб’екты, зь іх 1200 — жылыя дамы. Астатняе — школы, дзіцячыя садкі, аб’екты цывільнай інфраструктуры ды іншае.

Больш за тысячу населеных пунктаў Украіны застаюцца безь сьвятла

Па стане на 31 сакавіка ва Ўкраіне застаюцца абясточанымі як мінімум 1339 населеных пунктаў — агулам больш за 925,7 тысяч спажыўцоў,паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны.

Бяз газазабесьпячэньня застаюцца 338 тысяч спажыўцоў.

Уцекачы ад вайны

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.

Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак офісу Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

Што адбываецца ў Расеі

Аэрапорт «Пулково» ў Санкт-Пецярбургу, 25% якога належыць Нямеччыне, выкарыстоўваюць у вайне Расеі супраць Украіны


Не менш за 6 вайсковых самалётаў Расеі карыстаюцца гэтым аэрапортам для мэтаў поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні «Схемаў» (праект Радыё Свабода), якія прааналізавалі пералёты ваенных бартоў у сэрвісе Flightradar24.

Аэрапорт «Пулково» ў Санкт-Пецярбургу ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых у Расеі. Кіруючая кампанія — расейская кампанія «Воздушные ворота северной столицы». З 2009 года нямецкая кампанія Fraport мае ў ёй 25% акцый, якая ў сваю чаргу кантралюецца ўрадам Нямеччыны і нямецкімі падаткаплацельшчыкамі. Больш за 31% Fraport належыць зямлі Гесэн і каля 21% — гораду Франкфурту.

Johnson & Johnson прыпыніць пастаўку сродкаў гігіены ў Расею

Прычынай такога рашэньня называюць «павелічэньне маштабаў гуманітарнага крызісу» праз вайну на тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.

Пры гэтым Johnson & Johnson працягне пастаўляць у Расею лекі і мэдычнае абсталяваньне. Кампанія валодае дзясяткамі брэндаў, якія выпускаюць сродкі асабістай гігіены. Сярод іх Le Petit Marseillais, Listerine, Clean & Clear, O.B. і іншыя.

Таксама аб прыпыненьні працы ў Расеі сеткі крамаў спартовых тавараў Decathlon абвясьціў францускі холдынг Association Familiale Mulliez. Кампанія заяўляе, што рашэньне прынятае ў сувязі зь міжнароднымі санкцыямі, якія ўплываюць на ўмовы паставак. Decathlon сьцьвярджае, што працягне падтрымліваць 2500 супрацоўнікаў у Расеі.

Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска

Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл. У Крамлі абяцалі разабрацца.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў

Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.

Як рэагуе сьвет

Bloomberg прыпыняе сваю дзейнасьць у Расеі і Беларусі пасьля ўварваньня ва Ўкраіну

Пра гэта гаворыцца ў заяве ад Bloomberg LP, кампаніі Bloomberg News:

«Кліенты ў гэтых дзьвюх краінах ня змогуць атрымаць доступ да ніводнага зь фінансавых прадуктаў Bloomberg, уключаючы тэрмінал, ліцэнзію на дадзеныя, паток дадзеных і электронныя гандлёвыя плятформы», — адзначылі ў Bloomberg LP. Рашэньне азначае, што мясцовыя інвэстары страцяць доступ да ўсіх прадуктаў, якія прапануе гэтая кампанія.

Гандлёва-інфармацыйная плятформа Bloomberg — адзін зь вядучых сусьветных пастаўшчыкоў фінансавай інфармацыі для прафэсійных удзельнікаў фінансавых рынкаў.

Чатыры краіны ЭЗ выдвараюць вялікую групу расейскіх дыпляматаў

Нідэрлянды, Бэльгія, Ірляндыя і Чэхія абвясьцілі 29 сакавіка аб высылцы вялікай групы расейскіх дыпляматаў, западозраных у шпіёнскай дзейнасьці.