Казахстан ня будзе дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі, — першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі казаскага прэзыдэнта

Касым-Жамарт Такаеў і Ўладзімір Пуцін

Казахстан ня будзе інструмэнтам для абыходу санкцыяў ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі, заявіў у інтэрвію выданьню Euractiv першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану Цімур Сулейменаў.

Пра гэта ён паведаміў падчас візыту ў Брусэль на перамовы з прадстаўнікамі Эўразьвязу.

«Мы будзем выконваць санкцыі. Нягледзячы на тое, што мы зьяўляемся часткай эканамічнага саюзу з Расеяй, Беларусьсю і іншымі краінамі, мы таксама зьяўляемся часткай міжнароднай супольнасьці. Таму менш за ўсё мы хочам, каб да Казахстану ўжываліся другасныя санкцыі ЗША і ЭЗ», — падкрэсьліў Сулейменаў.

«Казахстан не зьяўляецца часткай гэтага канфлікту. Так, мы зьяўляемся часткай Эўразійскага эканамічнага саюзу, але мы незалежная дзяржава са сваёй сыстэмай, і мы будзем выконваць абмежаваньні, накладзеныя на Расею і Беларусь. Мы не хочам апынуцца ў адным кошыку і не будзем рызыкаваць», – сказаў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна разбурае інтэграцыю постсавецкай прасторы

11 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным казаў: «Я хачу прапанаваць вам: слухайце, вы заўсёды дапамагалі сваім саюзьнікам. Казахам дапамагалі. Ды ўсім. Рынак вы некаторым адкрылі. Ня буду іх называць, яны крыўдзяцца. Нам трэба неяк сабрацца ў АДКБ, нам трэба ў ЭАЭС сабрацца, згуртавацца разам. Бо ўсе гаварылі аб тым, што нам трэба разам быць. Ну дык давайце зьбяром. І, паверце, яшчэ дадаўшы гэтыя рынкі, мы празь месяц забудзем, што ў нас ёсьць санкцыі. Таму АДКБ і ЭАЭС, вось я ўношу прапанову (думаю, вы мяне падтрымаеце) — нам трэба сабрацца ў Маскве, сесьці за стол перамоваў і дамовіцца: мы вам гэта прадаём, вы нам гэта. І выбудоўваем нашу агульную эканамічную палітыку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан ня будзе прызнаваць «ЛНР» і «ДНР»