Генштаб Украіны назваў, хто ў Беларусі лабіруе вайсковую падтрымку расейскай агрэсіі

Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі ў вайне супраць Украіны працягваюць актыўна выкарыстоўваць транспартную сетку Беларусі, гаворыцца ў вячэрняй зводцы Генштабу Ўзброеных сіл Украіны.

«Расейскія захопнікі працягваюць актыўна выкарыстоўваць транспартную сетку Беларусі. Назіраецца павелічэньне колькасьці авіяперавозак ваенных грузаў з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле інфармацыі Генштабу, для запуску ракет розных тыпаў і боепрыпасаў выкарыстоўваюцца ў асноўным расейскія транспартныя самалёты Ан-124.

«Такі спосаб дастаўкі зьвязаны з блякаваньнем чыгуначных шляхоў на некаторых напрамках», — дадалі ў Генштабе.

Украінскія вайскоўцы дадаюць: «Насельніцтва Рэспублікі Беларусь не падтрымлівае ўцягваньня ўласных узброеных сілаў у вайне, якую вядзе Расея супраць Украіны. У той жа час група высокапастаўленых чыноўнікаў і генэралаў Савету Бясьпекі Рэспублікі Беларусь лабіруе вайсковую падтрымку расейскай агрэсіі і пытаньне ўводу беларускіх войскаў ва Ўкраіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баі ў Сумскай вобласьці і ў ваколіцах Славуціча, артабстрэл Львова, выступ Байдэна. 31-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Раней сёньня Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў аб вывадзе падразьдзяленьняў Узброеных сіл Беларусі з пунктаў пастаяннай дысьлякацыі на палігоны.

«Вядзецца падрыхтоўка і перадысьлякацыя дадатковых падразьдзяленьняў Усходняй ваеннай акругі на тэрыторыю Ўкраіны. На валынскім напрамку праціўнік не вядзе наступальных дзеяньняў. Пры гэтым адзначаецца вывад падразьдзяленьняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на палігоны», – гаворыцца ў паведамленьні.

  • 23 сакавіка ў Генштабе паведамлялі, што расейская і беларуская вайсковая тэхніка «актыўна перакідваецца» ўздоўж Беларусі і працягвае назапашвацца ўздоўж украінскай мяжы, а перад гэтым заяўлялі, што верагоднасьць уцягваньня беларускіх узброеных сіл супраць Украіны захоўваецца. Аднак, паводле Генштабу Ўкраіны, «паводле наяўных зьвестак, вялікая колькасьць асабовага складу і частка камандзіраў адмаўляюцца ад удзелу ў акупацыі супраць нашай дзяржавы».

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.