Лукашэнка загаварыў пра блякаваньне ў Беларусі Youtube і сацыяльных сетак

Лукашэнка падчас сустрэчы з Саветам бясьпекі, 1 сакавіка 2022

25 сакавіка Лукашэнка сабраў нараду аб працы дзяржаўных СМІ. Іншых у Беларусі амаль не засталося.

Ён паставіў задачы дзяржаўнымі СМІ ў «глябальнай інфармацыйнай вайне». Паводле яго, таксама трэба абмеркаваць блякаваньне YouTube і замежных сацсетак.

«Як бы ні было цяжка, вы павінны ня толькі ўтрымліваць фокус увагі аўдыторыі, адукоўваць, тлумачыць, падтрымліваць, але і думаць аб уласным разьвіцьці», – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Лукашэнка падкрэсьліў, што прайграць інфармацыйную вайну нельга.

Адным з напрамкаў працы можа стаць блякаваньне замежных сетак. Паводле Лукашэнкі, гэта ўжо зрабілі ў Расеі, магчыма, варта зрабіць тое ж самае ў Беларусі або закрыць інтэрнэт кітайскім «залатым шчытом».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завод «БелДжы» абверг інфармацыю аб закрыцьці ў Беларусі, вытворчасьць прыпыненая з прычыны лягістычных цяжкасьцей