Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла законапраект пра прыпыненьне нармальных гандлёвых адносінаў з РФ і Беларусьсю

Палата прадстаўнікоў (ніжэйшая палата Кангрэсу ЗША) ухваліла законапраект пра прыпыненьне нармальны нармальных гандлёвых адносінаў з РФ і Беларусьсю.

Як паведамляе агенцтва АР, Палата прадстаўнікоў прагаласавала «пераважнай большасьцю». Агенцтва паведамляе, што прэзыдэнт Джо Байдэн «увядзе больш высокія тарыфы на большую колькасьць тавараў і яшчэ больш аслабіць расейскую эканоміку ў адказ на яе ваенны напад на Ўкраіну».

Раней ЗША ўжо зрабілі крокі па спыненьні імпарту расейскіх нафты, звадкаванага прыроднага газу, морапрадуктаў, алькаголю і алмазаў. Сёньняшняе галасаваньне рыхтуе глебу для падаражэньня імпарту некаторых вырабаў са сталі, алюмінію і фанэры, а таксама іншых тавараў.

АР нагадвае, што шырокая акцыя, якая анулюе статус «найбольшага спрыяньня» для Расеі, робіцца ў каардынацыі з Эўрапейскім Зьвязам і краінамі Вялікай сямёркі. Галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў адбылося на другі дзень пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Кангрэс і саюзьнікаў ЗША зрабіць больш для стрымліваньня Расеі.

«Сёньня абедзьве партыі, дэмакраты і рэспубліканцы, па-ранейшаму адзіныя ў імкненьні накіраваць Пуціну ясны мэсыдж: за бесчалавечны гвалт, які ён чыніць над украінскім народам, яму давядзецца плаціць разбуральную цану, і сёньняшняе [галасаваньне] у ніжняй палаце — гэта для нас яшчэ адзін спосаб гэта ажыцьцявіць» — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр.

Чак Шумэр выказаў перакананьне, што Сэнат прыме закон «у бліжэйшыя тэрміны».

Для таго, каб закон быў прыняты канчаткова, ён павінен быць ухвалены Сэнатам і падпісаны прэзыдэнтам ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн назваў Уладзіміра Пуціна «крывавым дыктатарам» і «бандытам»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам