46-ы прэзыдэнт ЗША і ягоны бацька — цёзкі, абодвух завуць Joseph Robinette Biden. Таму да прозьвішча прэзыдэнта дадаецца слова Junior ці скарачэньне Jr. — малодшы. У санкцыйным сьпісе, апублікаваным МЗС Расеі, гэтага прыдатку няма.
Санкцыі Расеі супраць Джо Байдэна і шэрагу іншых амэрыканскіх палітыкаў і супрацоўнікаў дзяржаўных структур істотна не паўплываюць на іхныя пляны, адзначыла прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Псакі падчас брыфінгу ў Вашынгтоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея забараніла ўезд у краіну прэзыдэнту ЗША Байдэну«Афіцыйна прозьвішча прэзыдэнта пішацца „Байдэн-малодшы“, таму яны маглі ўвесьці санкцыі супраць бацькі (прэзыдэнта), але ён спачывае ў міры», — адзначыла Псакі, дадаўшы, што «ніхто з нас не плянуе турыстычных паездак у Расею. Ніхто з нас ня мае там банкаўскіх рахункаў, доступу да якіх мы маглі б пазбавіцца, таму ідзём далей».
МЗС Расеі ў адказ на пэрсанальныя санкцыі ЗША супраць расейскіх службовых асобаў за ваенную агрэсію ва Ўкраіне апублікаваў 15 сакавіка «чорны сьпіс» з 13 амэрыканскіх грамадзян. Пад санкцыі, акрамя Джо Байдэна трапілі, сярод іншага, міністар абароны Лойд Остын, кіраўнік CIA Уільям Бэрнс, дзяржсакратар Энтані Блінкен, дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван, а таксама былы дзяржсакратар і былы кандыдат у прэзыдэнты Гілары Клінтан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўвяла санкцыі супраць 313 прадстаўнікоў кіраўніцтва КанадыУ расейскім дыпляматычным ведамстве растлумачылі, што такая мера зьяўляецца адказам на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск Вашынгтону, аднак Масква пры гэтым не адмаўляецца ад падтрыманьня зь ім афіцыйных сувязяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам