На месца здарэньня адразу прыехала паліцыя і зьвязалася з дыпляматычным пэрсаналам.
Таксама адзначаецца, што праваахоўнікі вывучаюць запісы з камэр назіраньня звонку будынка, каб выявіць вінаватых у падрыве пэтарды на ўчастку амбасады.
Не выключаецца, што гэта мог быць дэманстратыўны акт, — піша Corriere della sera, — з гэтай прычыны паліцыя ўзмацніла ахову амбасады ў мэтах бясьпекі. Газэта паведамляе, што ў Рыме абвясьцілі пра дадатковую колькасьць камэр назіраньня паблізу аб'ектаў Расеі і Беларусі ад самага пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што на тэрыторыю амбасады каля 4-й гадзіны раніцы ў сераду кінулі «паўнацэнную самаробную выбуховую прыладу, начыненую порахам», але супрацоўнікі дыпмісіі не пацярпелі.
Паводле заявы, выбухам былі «выбітыя вокны ў консульскім памяшканьні, дэфармаваны мэталічная лаўка, якую выбуховай хваляй перакінула праз 1,5-мэтровую ўнутраную агароджу і адкінула на 5-7 мэтраў у бок, мэталічная шафа для захоўваньня рэчаў для асоб, якія прыбываюць на консульскі прыём, асобныя бэтонныя пліты і г.д».
У заяве гаворыцца: «Супрацоўнікамі праваахоўных органаў Італіі, якія прыбылі на месца, здарэньне папярэдне кваліфікавана як тэрарыстычны акт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працяг эвакуацыі з Сумаў, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 14-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне