«Побач з Херсонам, у Чарнабаеўцы, гэта фактычна раён Херсону, знаходзіцца самая вялікая птушкафабрыка ў Эўропе, яна належыць Ukrlandfarming, гэтая птушкафабрыка вырабляе яйкі. Зараз налічваецца 3 мільёны курэй. На гэты момант фабрыка абясточаная і ня можа пастаўляць кармы. Калі так працягнецца яшчэ пару дзён, пачнецца чума птушак. І ў гэтым выпадку распарадзіцца імі нерэальна. Паводле санітарных нормаў, проста так закопваць у зямлю нельга. Забойны цэнтар ня можа працаваць, бо ўсё без электрычнасьці. А з такой колькасьцю птушак за такі кароткі прамежак часу ён ня справіцца. Утылізацыя немагчымая бяз вывазу. Што гэта, калі загінуць тры мільёны птушак — пачне гніць, пачнуцца рэчы, зьвязаныя з хваробамі і гэтак далей. Фактычна ў непасрэднай блізкасьці ад Херсону празь дзеяньні акупантаў мы можам апынуцца ў глябальнай экалягічнай катастрофе, калі ад забруджваньня паветра на зямлі пачнуць разьвівацца самыя розныя хваробы, зьвязаныя з гніеньнем жывёлаў», — сказаў Вадзім Дзенісенка.
Спальваць, зазначае ён, таксама немагчыма, бо для гэтага патрэбныя спэцыяльныя печы і спэцыяльныя вэтэрынарныя заводы: «Каб пазьбегнуць катастрофы, па-першае, трэба аднавіць электрычнасьць, дамовіцца аб дастаўцы кармоў. І магчымасьць экспарту і рэалізацыі прадукцыі ніхто, вядома, ня будзе рабіць сабе ў страту. Таму сытуацыя амаль тупіковая. Расейскай арміі ніхто дарыць яйкі ня будзе».
Дзенісенка паведаміў, што гаспадар фабрыкі праінфармаваў аб становішчы МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Баі за Херсон, абстрэлы Кіева і Харкава. Хроніка сёмага дня вайны Расеі супраць Украіны і сусьветнай ізаляцыі МасквыУ сувязі з наступам расейскай арміі, як паведаміў 2 сакавіка праекту «Прыазоўскія навіны» (Радыё Свобода) намесьнік старшыні Херсонскай абласной адміністрацыі Мікалай Якіменка, Херсонская вобласьць працягвае знаходзіцца ў складанай сытуацыі. Таксама 2 сакавіка кіраўнік Херсонскай АГА Генадзь Лагута заявіў, што ўлады спрабуюць арганізаваць «зялёны калідор» для дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Херсонскую вобласьць.
«Нас акружае вораг, сытуацыя крытычная, таму пытаньне забесьпячэньня рэгіёну прадуктамі і мэдыкамэнтамі патрабуе часу. Таксама неабходна вырашыць пытаньне аб эвакуацыі насельніцтва», — сказаў Лагута.
Увечары 2 сакавіка мэр Херсону Ігар Калыхаеў паведаміў, што ў гарвыканкаме былі «ўзброеныя наведвальнікі». Пасьля размовы зь імі зьявіўся сьпіс умоў, на якіх цяпер павінен жыць горад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што такое «дэнацыфікацыя» па-расейскуГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Херсон другі дзень у аблозе расейскіх войскаў, якія зьнішчаюць дамы і машыны, рабуюць крамыНапад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.