Пракурор патрабуе 1,5 года турмы журналісту Алегу Грузьдзіловічу. «Менсктранс» выставіў яму прэтэнзіі на 56 тысяч рублёў

Алег Грузьдзіловіч падчас пачатку суду

Палітвязьня Алега Грузьдзіловіча абвінавачваюць у трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту.

Суд Савецкага раёну Менску 2 сакавіка пачаў разгляд справы былога журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча.

У спрэчках пракурор запатрабаваў прызнаць Алега вінаватым і пакараць яго на 1,5 года зьняволеньня ў калёгіі агульнага рэжыму. Вырак чакаецца 3 лютага а 12.00.

Заля была паўпустая, бо ахова не пусьціла шэраг сваякоў і сяброў Алега, сваякоў іншых палітвязьняў.

Дапусьцілі на суд толькі жонку Алега Мар’яну і журналістку расейскага агенцтва «Спутник».

Алег Грузьдзіловіч у судзе, 2 сакавіка. Да яго падышла жонка Мар'яна пасьля заканчэньня судовага дня

У судзе жонцы забаранілі здымаць, размаўляць з Алегам, нават абмяняцца жэстамі, пасадзілі яе далёка ад шкляной кабінкі для падсудных. Затое дазволілі здымаць журналістцы «Спутника».

«Я далёка сядзела, кепска бачыла Алега. Калі я памахала Алегу, то міліцыянт адразу забараніў нам абменьвацца жэстамі, не дазволіў мне сказаць яму і слова», — расказала Свабодзе Мар’яна ў перапынку суду.

Пацярпелым бокам у справе выступіў «Менсктранс», прадстаўнік якога заявіў, што Алег нібыта нанёс шкоду ім у трох эпізодах: акцыямі 16 жніўня, 11 і 18 кастрычніка 2020 году, бо ў Менску быў спынены рух.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноччу ты заўсёды дома». Зьняволены журналіст Алег Грузьдзіловіч напісаў, чаму вязьні ня любяць раніцы

Прадстаўніца «Менсктрансу» ацаніла страты ад гэтага ў 56 тысяч беларускіх рублёў.

Алега дапыталі аб кожным эпізодзе, пракурор задаваў шмат пытаньняў, дзе ён быў і што рабіў у гэтыя даты, Алег адказаў, што 16 жніўня меў акрэдытацыю МЗС Беларусі ў якасьці карэспандэнта Радыё Свабода і быў у камізэльцы з надпісам «Прэса», а 11 і 18 кастрычніка працаваў як няштатны журналіст «Народнай волі», выконваў сваю працу.

Сьведкам выступіў на працэсе рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч, які расказаў суду, што Алег выконваў рэдакцыйнае заданьне, яго ўзялі ў рэдакцыю для асьвятленьня падзеяў і ніякіх заўваг да яго ня мелі.

Сярэдзіч таксама пазытыўна ацаніў Алега як журналіста і чалавека, якога ён ведае 40 гадоў. Пасьведчаньне газэты сёньня далучылі да матэрыялаў справы. У ёй ёсьць таксама даведка МЗС Беларусі, што да канца жніўня Алег быў акрэдытаваны. Агулам у справе 2 тамы. Пасьля абеду чакаюцца ўжо судовыя спрэчкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У 63 гады ў такіх умовах. За што?». Пачалі судзіць журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

• 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

• Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

• Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

• За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.