Уладзімір Пуцін пацьвердзіў пляны Расеі прызнаць незалежнасьць так званых «ЛНР» і «ДНР» падчас тэлефонных перамоваў з канцлерам Нямеччыныіі Оляфам Шольцам і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.
Як паведамляе прэс-служба Крамля, Пуцін паінфармаваў іх аб выніках пасяджэньня Савету бясьпекі Расеі.
«З улікам усяго гэтага прэзыдэнт Расеі паведаміў, што бліжэйшым часам
мае падпісаць адпаведны ўказ», — гаворыцца ў паведамленьні Крамля.
Шольц і Макрон выказалі расчараваньне і падкрэсьлілі, што гэта супярэчыць Менскім пагадненьням аб урэгуляваньні канфлікту і ёсьць аднабаковым парушэньнем дамоўленасьцяў Расеяй.
Канцлер Оляф Шольц таксама стэлефанаваўся з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Дэталяў перамоваў пакуль не паведамляюць.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што склікаў тэрміновае паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветныя лідэры праводзяць перамовы на фоне плянаў Расеі прызнаць «ЛНР» і «ДНР» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокі прадстаўнік ЭЗ у кулюарах саміту: цяпер «ня час» уводзіць санкцыі супраць Масквы