Расейскі суд замяніў брату Навальнага ўмоўны тэрмін на рэальны

Алег Навальны, архіўнае фота

Суд у Маскве замяніў Алегу Навальнаму, брату зьняволенага расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, адзін год умоўнага тэрміну на год рэальнага з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Аб замене пакараньня хадайнічала крымінальна-выканаўчая інспэкцыя, бо Навальны ня стаў на ўлік у інспэкцыі. Раней яго абвясьцілі ў фэдэральны вышук. Інспэкцыя сьцьвярджае, што Навальны пакінуў Расею і знаходзіцца на Кіпры. Брат апазыцыянэра пра свой ад’езд не паведамляў.

У жніўні 2021 году Алег Навальны атрымаў год умоўна па «санітарнай справе». Яе распачалі ў студзені 2021 году. Па вэрсіі сьледзтва, абвінавачаныя заклікалі выйсьці на акцыю ў падтрымку Аляксея Навальнага і правакавалі людзей на парушэньне санітарна-эпідэміялягічных нормаў.

Усяго ў справе былі дзесяць абвінавачаных, у тым ліку паплечнікі Аляксея Навальнага Любоў Собаль, Кіра Ярмыш, Мікалай Ляскін і Алег Сьцяпанаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны: Лукашэнка — духоўны бацька Пуціна, а не наадварот