Макей заявіў, што Борыс і Пачобута хацелі вызваліць. І патлумачыў, чаму гэтага не адбылося

Анжаліка Борыс (пасярэдзіне), Анджэй Пачобут (справа), 2010. Архіўнае фота

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што Анджэя Пачобута і Анжаліку Борыс зь незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі беларускія ўлады хацелі вызваліць.

Амаль год старшыня незарэгістраванага ў Беларусі Анжаліка Борыс і ейны паплечнік журналіст Анджэй Пачобут знаходзяцца за кратамі. Цяпер абое сядзяць у жодзінскім СІЗА.

Макей расказаў, што беларускі бок атрымліваў устрывожаную рэакцыю пра стан здароўя палякаў у турме. Аднак праваахоўныя органы запэўнілі, што здароўю Борыс і Пачобута нічога не пагражае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс ў СІЗА значна пагоршыўся стан здароўя

Міністар дадаў, што па лініі спэцслужбаў існавалі пэўныя дамоўленасьці, каб вызваліць прадстаўнікоў польскай меншасьці, якіх затрымалі нібыта за парушэньне закону. Трох жанчын вызвалілі — Ірэну Бярнацкую, Ганну Панішаву, Марыю Цішкоўскую. Такім жа чынам меўся вырашыцца лёс і Борыс, і Пачобута, запэўніў Макей.

«Аднак польскі бок вырашыў выкарыстаць гэта як інфармацыйную нагоду і шырока разрэклямаваў вызваленьне гэтых асобаў у СМІ і паспрабаваў выкарыстаць гэта ў сваіх ідэалягічных мэтах», — сказаў міністар замежных справаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Быць годным памяці герояў АК». Пачобут расказаў, чаму не напіша прашэньня аб памілаваньні