З дому экс-кіраўніка дзяржавы вывелі ў кайданках, ланцугах і куленепрабівальнай камізэльцы і даставілі на базу паліцэйскага спэцназу. У прысутнасьці журналістаў некалькіх тэлеканалаў мэдыкі правялі агляд былога кіраўніка дзяржавы.
Па дадзеных агенцтва Reuters, амэрыканскія ўлады абвінавачваюць Эрнандэса ва ўдзеле ў гандлі наркотыкамі, пачынаючы з 2004 году. Па вэрсіі сьледзтва, Эрнандэс удзельнічаў у апэрацыях па перапраўцы 500 тон какаіну з Калюмбіі і Вэнэсуэлы ў Злучаныя Штаты. Палітык, як мяркуецца, атрымаў хабары на мільёны долараў у абмен на абарону наркагандляроў ад сьледзтва і судовага перасьледу.
У 2021 годзе суд у ЗША асудзіў Хуана Антоніё Эрнандэса, брата тагачаснага прэзыдэнта Гандурасу, на пажыцьцёвае зьняволеньне за ўдзел у наркагандлі.
Хуан Арлянда Эрнандэс адмаўляе сваю віну, але пагадзіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам. Як зазначае агенцтва Reuters, на працягу васьмі гадоў ягонага прэзыдэнцтва Вашынгтон разглядаў палітыка як важнага партнэра ЗША ў Цэнтральнай Амэрыцы. У студзені на пасадзе кіраўніка дзяржавы яго зьмяніла Сіямара Кастра, якая стала першай жанчынай-прэзыдэнткай у гісторыі Гандурасу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Хацелі, каб я „зьліваў“, калі хтосьці выкажа сваю думку»,— старшыня таварыства ўласьнікаў пра «размовы» ў КДБ