Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацелі, каб я „зьліваў“, калі хтосьці выкажа сваю думку»,— старшыня таварыства ўласьнікаў пра «размовы» ў КДБ

Нацыянальны штандар на бальконе гарадзкой кватэры, ілюстрацыйнае фота
Нацыянальны штандар на бальконе гарадзкой кватэры, ілюстрацыйнае фота

Менскіх старшыняў таварыстваў уласьнікаў пачалі выклікаць на гутаркі ў КДБ, дзе падрабязна распытваюць пра падзеі 2020 году і патрабуюць падпісаць згоду аб супрацоўніцтве. Пра сваю гутарку Zerkalo.io расказаў адзін са старшыняў.

Валянцін (імя зьменена) узначальвае некалькі таварыстваў уласьнікаў у Менску. На размову ў КДБ яго паклікалі праз тэлефон, а на патрабаваньні даслаць афіцыйную паперу заявілі: «Калі ня хочаце так, мы самі па вас прыедзем». Суразмоўца вырашыў прыйсьці самастойна.

Гутарка ў раённым аддзяленьні КДБ доўжылася прыкладна паўтары гадзіны. Супрацоўнік, які гутарыў з Валянцінам, спачатку задаваў шмат асабістых пытаньняў: дзе ён быў у 2020 годзе падчас масавых акцый, ці ўдзельнічаў у іх, ці затрымлівалі яго сяброў ці сваякоў. Цікавіўся, як ён ставіцца да сілавых органаў, да санкцый, ці лютавалі сілавікі ў жніўні 2020-га.

«Я сказаў, што я звычайны чалавек — працую і нікуды ня лезу. Натуральна, адказваў, што нідзе ня быў, дома сядзеў, і ўсё. Даваў адказы, якія ён хацеў пачуць, а з другога боку, мае словы былі ні пра што», — расказвае старшыня таварыства ўласьнікаў.

Потым супрацоўнік КДБ загаварыў аб працы — і сам пералічыў усе таварыствы, у якіх працуе Валянцін.

«Пачаў пытацца, ці ёсьць у мяне суседзі, якія недзе засьвяціліся, былі пад арыштам ці нешта такое. Я кажу, што ня ведаю — маю зносіны зь людзьмі толькі ў рамках працоўных пытаньняў. Пытаўся, ці былі ў нас сьцягі на вокнах, даведваўся пра нумары кватэр — адказваю, што ў той час было шмат сьцягоў на вокнах, магчыма, і ў нас былі», — працягвае расказваць мужчына.

Трэці этап гутаркі — прапанова аб супрацоўніцтве. Дакладней, Валянціна проста паставілі перад фактам і прадыктавалі тэкст дакумэнту.

«Спыталіся: „Ці маглі б вы нам дапамагаць?“ Хацелі, каб я адразу „зьліваў“, калі нехта будзе пытацца пра палітыку ці павесіць налепку, сьцяг, крыкне лёзунг або выкажа сваю думку. Я сказаў, што нічым не магу дапамагчы — пры мне такога не было. Ён у адказ: „Настойліва рэкамэндую з намі супрацоўнічаць“. Хацелі ведаць усё пра людзей: хто чым дыхае, пра што думае», — пераказвае ён.

Мужчыну далі ліст паперы, дзе ён фактычна пад дыктоўку напісаў, што ня мае права расказваць пра гэтую размову і што будзе ўсяляк садзейнічаць раскрыцьцю «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Праўда, пра наступствы недастаткова руплівага спрыяньня ў КДБ нічога не сказалі.

«Натуральна, я гэта напісаў, таму што варыянтаў тут асабліва не было. Я ведаю, што некаторыя калегі адмаўляліся хадзіць, дык іх потым здымалі з пасады, і зараз там будуць перавыбары старшыняў», — кажа суразмоўца.

Па словах Валянціна, ягоны выпадак не адзінкавы: кагосьці ўжо выклікалі, хтосьці яшчэ толькі пойдзе.

«Відаць, гэта будзе мець масавы характар», — упэўнены суразмоўца.

Калі пачаліся такія «гутаркі», старшыня таварыства ўласьнікаў дакладна ня ведае, але мяркуе, што некалькі тыдняў таму.

«Але калі я заўсёды буду адстойваць інтарэсы маіх жыхароў, можа, нехта іншы і будзе зьліваць гэтую інфармацыю. Таму я хачу, каб людзі ведалі, што адбываецца», — кажа ён.

Па словах Валянціна, старшыняў таварыстваў уласьнікаў прасілі расказваць пра «нядобранадзейных суседзяў» і ў 2020 годзе, але тады гэта зыходзіла ад раённай адміністрацыі — проста па тэлефоне казалі, што патрэбны дадзеныя людзей, на вокнах у якіх вісяць сьцягі.

«І я катэгарычна адмаўляўся: можаце хоць звальняць, хоць што, я на гэта не пайду ніколі ў жыцьці. А цяпер яны выйшлі на новы ўзровень», — расказаў ён.

XS
SM
MD
LG