У маці былога палітвязьня, які ўцёк у Літву з «хіміі», супрацоўнікі КДБ правялі вобшук

Аляксей Ліпень

15 лютага супрацоўнікі КДБ правялі вобшук у маці былога палітвязьня Аляксея Ліпеня. У сьнежні 2021 году ён уцёк з «хіміі» ў Горадні ў Літву.

«Прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Пыталіся — дзе я, які мой нумар тэлефона і адрас у Літве. Натуральна, ім ніхто нічога не сказаў. З пастановы на вобшук вынікае, што на мяне распачалі крымінальную справу па артыкуле 361 — заклікі да санкцый. Прычым я нікога не заклікаў да санкцый. Яшчэ такая адметнасьць, што справа распачатая нібыта сілавікамі з Гомельскай вобласьці», — расказаў Свабодзе Ліпень.

Ён жыхар Менску. У красавіку 2021 году Аляксей Ліпень быў асуджаны на 5 гадоў абмежаваньня волі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК (пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да міліцыянта).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 лютага: 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі і сілавікоў, ператрус у маці Касінеравай за заклікі да санкцыяў

Паводле абвінавачваньня, Аляксей Ліпень «неаднаразова пакідаў абразьлівыя камэнтары пад здымкамі супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі». «Сваімі дзеяньнямі ён прынізіў гонар і годнасьць супрацоўнікаў міліцыі як прадстаўнікоў улады і як людзей, а таксама падарваў аўтарытэт дзяржаўнай улады», — напісалі сьледчыя ў абвінавачаньні.

Адбываў пакараньне на «хіміі» ў Горадні. У сьнежні 2021 году ўцёк адтуль у Літву.