Reuters: ЗША і ЭЗ заканчваюць падрыхтоўку санкцый супраць Расеі. Адключэньне ад SWIFT не прадугледжваецца

ЗША і Эўразьвяз заканчваюць падрыхтоўку санкцый у дачыненьні да Расеі ў выпадку нападу на Ўкраіну, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.

Паводле дадзеных крыніц агенцтва, абмежаваньні з некаторымі выключэньнямі могуць закрануць расейскія банкі «ВТБ» і «Сбербанк».

Адключэньне Расеі ад SWIFT не прадугледжваецца. Суразмоўцы агенцтва сьцьвярджаюць, што супраць гэтай меры выступалі эўрапейскія краіны. Крэдыторы баяцца, што ім не пагасяць даўгі на мільярды даляраў.

Акрамя таго, пад абмежаваньні могуць патрапіць расейскія прадпрыемствы, якія займаюцца экспартам у сфэры абароны і тэхналёгіяў. На гэтым фоне ЗША, у прыватнасьці, папярэдзілі вытворцаў мікрасхемаў аб магчымых перабоях з пастаўкамі матэрыялаў для паўправаднікоў з Расеі.

Як сьцьвярджаюць крыніцы агенцтва, увядзеньне прэвэнтыўных санкцый супраць Крамля Белы дом не плянуе.

Сёньня сэнатар ЗША Джэймс Лэнкфард таксама прапанаваў санкцыі супраць Беларусі і іншых краінаў за садзейнічаньне «агрэсіі Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сэнат ЗША ўнесьлі законапраект аб адказнасьці Беларусі за агрэсію супраць Украіны
  • З восені 2021 году году краіны Захаду заяўляюць аб канцэнтрацыі расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і рэальнай пагрозе расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Каля межаў з Украінай, паводле апошніх ацэнак, сканцэнтравана ўжо каля 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Паводле дадзеных Дзярждэпартамэнту ЗША, Масква можа пачаць наступ у найбліжэйшы час.
  • Злучаныя Штаты і Эўразьвяз прыгразілі Расеі «небывалымі санкцыямі» ў выпадку нападу на Ўкраіну.
  • Масква адмаўляе пляны ўварваньня і тлумачыць частку перасоўваньняў войскаў вучэньнямі. На фоне напружанасьці Расея запатрабавала ад ЗША і NATO гарантыяў бясьпекі ў Эўропе. Высунутыя патрабаваньні заходнія дыпляматы назвалі невыканальнымі, якіх-небудзь дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.