Адвакат незарэгістраванага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай Ільлю Салея ўключылі ў Адзіны рэестар адвакатаў Украіны ў якасьці замежнага адваката.
З моманту ўключэньня ў рэестар Ільля Салей карыстаецца ўсімі правамі і нясе абавязкі адваката ва Ўкраіне, ён заключыў пагадненьне аб супрацоўніцтве зь Сяргеем Грышко, партнэрам юрыдычнай фірмы Redcliffe Partners.
Ільлю Салея арыштавалі ў верасьні 2020 году. Яму інкрымінавалі артыкул 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці»).
9 верасьня 2020 году дома ў Салея прайшлі ператрусы, пасьля чаго яго затрымалі. У кастрычніку яму зьмянілі меру стрыманьня і перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Гэта адбылося неўзабаве пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў гэты СІЗА. Падчас хатняга арышту адвакат знаходзіўся ў сваёй кватэры бяз права на зносіны і прагулкі. 16 красавіка яго адпусьцілі пад заклад: яму было дазволена вольна перасоўвацца па краіне і працаваць.
Праз пэўны час Ільля Салей паведаміў, што выехаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абаранялі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Бабарыкі і Калесьнікавай Ільля Салей выехаў зь Беларусі