З «хіміі» ўцёк палітвязень Арцём Мядзьведзкі
З папраўчай установы адкрытага тыпу № 45 (Камянецкі раён) некалькі дзён таму зьбег асуджаны на 3 гады «хіміі» за «грубае парушэньне парадку» 24-гадовы Арцём Мядзьведзкі.
Мядзьведзкі ўцёк зь лякарні ў Камянцы, куды трапіў зь лёгкім страсеньнем мазгоў пасьля таго, як пасьлізнуўся і ўпаў у будынку ПУАТ. Дзе ён цяпер, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Зь яго зьдзекаваліся, ён трапіў у шпіталь і адтуль уцёк». Як палітвязьняў катуюць на «хіміі»Уладзімера Цурпанава зьмясьцілі ў ШЫЗА
Па інфармацыі «Mayday Team», адміністрацыя калёніі № 3 цісьне на палітвязьня Ўладзімера Цурпанава. Яго пакаралі «суткамі» ў штрафным ізалятары, але дакладны тэрмін і прычыны невядомыя. Акрамя гэтага, сваякі Ўладзімера каля двух месяцаў не атрымліваюць ад яго лістоў і тэлефанаваньняў.
Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калёнію на 2 гады. Падставай для новай крымінальнай справы супраць палітвязьня, асуджанага на 3 гады «хіміі», стала «парушэньне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Нібыта супрацоўнікі неаднойчы бачылі, як ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, не засьцілаў належным чынам сваё спальнае месца, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.
Адрас палітвязьня: ПК №3. 211322, Віцебская вобласьць, г.п. Віцьба, Уладзімеру Іванавічу Цурпанаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Не прынялі нават вады, зьмясьцілі ў ШЫЗА. Што з былой дырэктаркай музэю, якая абвясьціла галадоўку ў ІЧУКалесьнікава і Знак атрымліваюць толькі заказныя лісты
У ліставаньні з палітвязьнямі Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам паўсталі вялікія праблемы — лісты перадаюць толькі заказныя, прычым практычна ўсе яны толькі ад сваякоў. Зрэшты, Марыя Калесьнікава не атрымлівала ніводнай вестачкі ўжо два тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Палітвязьню Восіпаву замест 10 заказных лістоў прынесьлі акты аб іх зьнішчэньніМаксім Знак сумна жартуе з гэтай нагоды: чаму замест зьніжкі на перапіску ён атрымлівае цану 2,60 рубля за ліст?
«Мне здавалася, што разам мы нямала зрабілі для «Белпошты». 7300 маіх лістоў, пад 6000 лістоў, якія дайшлі да мяне ад усіх — гэта шмат грошай. А колькі грошай змарнавалі на тыя, што не дайшлі? А колькі там чырвоных канвэртаў, марак, паштовак зьнікла? І тут раптам ня зьніжка, ня помнік неймаверным пісальнікам лістоў, а 2,60 руб. за ліст. Дзякуй вам, што вы шануеце. Цяпер кожны з поўным правам можа пісаць «дарагі Максім», — жартуе ў лісьце з-за кратаў Максім Знак, яго ліст цытуе «Новы час».
6 верасьня Менскі абласны суд асудзіў Марыю Калесьнікаву на 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму, а Максіма Знака, юрыста штабу Віктара Бабарыкі, — на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта спробу дзяржаўнага перавароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі пасьля хвалі рэпрэсій стала на 150 адвакатаў меней