Новая амбасадарка Швайцарыі афіцыйна пачала працу ў Беларусі

Амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер Залатухін сустрэлася з Уладзімерам Макеем, фота МЗС Беларусі

Амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер Залатухін, якая напярэдадні прыбыла ў Менск, 9 лютага сустрэлася зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і ўручыла яму даверчыя лісты.

Пра гэта паведамляе МЗС Беларусі.

Макей адзначыў сымбалізм сустрэчы напярэдадні 30-годзьдзя з дня ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Швайцарыяй.

Бакі абмеркавалі актуальны стан і пэрспэктывы разьвіцьця супрацоўніцтва Беларусі і Швайцарыі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвэстыцыйнай, гуманітарнай і іншых сфэрах.

Раней Гонэгер Залатухін назвала адным са сваіх прыярытэтаў на новай пасадзе працу над тым, каб людзі, пазбаўленыя свабоды, маглі рэалізоўваць свае палітычныя і грамадзянскія правы. Акрамя гэтага, амбасадарка мае намер «наладжваць дыялёг з шырокім колам асобаў у Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая амбасадарка Швайцарыі прыбудзе ў Менск у лютым і наведае Натальлю Хершэ ў турме

Раней афіцыйны прадстаўнік Фэдэральнага дэпартамэнту па замежных справах Швайцарыі Валянцін Кліва заявіў:

«Фэдэральны дэпартамэнт па замежных справах (FDFA) пацьвярджае, што новы амбасадар уручыць даверчыя лісты кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпляматыі большасьці краін. Швайцарыя не камэнтуе легітымнасьць урадаў, яна толькі прызнае дзяржавы. Таму ўручэньне даверчых лістоў не зьяўляецца для Швайцарыі актам прызнаньня. Паколькі ўстойлівае вырашэньне крызісу ў Беларусі можа быць знойдзена толькі пры ўдзеле ўсіх адпаведных палітычных сілаў, для Швайцарыі было важна заставацца прадстаўленай на самым высокім узроўні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катуюць беларускім радыё і холадам». Натальля Хершэ абвясьціла галадоўку ў магілёўскай турме