Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Берасьцейская вобласьць

Вусьце Лані

Мы запыталіся ў чытачоў Свабоды ў сацыяльных сетках пра ня самыя папулярныя, але вельмі нечаканыя месцы, якія варта наведаць у Беларусі, і сабралі адказы ў гайд. Першая публікацыя — пра Берасьцейскую вобласьць.

1. Сядзіба ў Флер’янове

Ляхавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць

Сядзіба належала роду Бохвіцаў. Яе пабудавалі ў другой палове XIX стагодзьдзя. Яна выглядае незвычайна, бо асноўны двухпавярховы будынак драўляны, а фасад зь нібыта замкавымі вежачкамі — з чырвонай цэглы.

Сядзіба ў Флер'янове

Ян Бохвіц — сын пісьменьніка Флярыяна Бохвіца, удзельнічаў у паўстаньні Каліноўскага, сядзеў за гэта ў турме. Сюды прыяжджала адпачываць сяброўка Яна Бохвіца Эліза Ажэшка. У сядзібе дагэтуль захоўваюцца лісты польскай пісьменьніцы. У парку расьце дуб, які пасадзіла Ажэшка. У 1939 годзе апошнія Бохвіцы зьехалі зь сядзібы.

У вайну тут месьціўся нямецкі штаб. У савецкі час тут жылі 20 сем’яў, потым будынак належаў сельскагаспадарчаму прадпрыемству, пасьля — Дому вэтэранаў і пансіянату.

Урэшце будынак выкупілі Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Трацякі. Генрых Міхайлавіч раней працаваў у мясцовым калгасе. Пара аднаўляе старадаўнюю пабудову, ладзіць у сядзібе літаратурныя імпрэзы, сустракае турыстаў, праводзіць для іх экскурсіі.

2. Сядзіба Бохвіцаў у Паўлінаве

Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць

Гэта яшчэ адзін маёнтак роду Бохвіцаў. У 1897 годзе яго набыў Ян Бохвіц. У 1906 годзе пабудаваў тут сядзібу ў гонар сваёй маці Паўліны, адсюль і назва месца. Калі Бохвіцы зьехалі з маёнтка ў 1939 годзе, яго заняў вайсковы шпіталь. З 1995 году будынак стаяў закінуты. Некалькі гадоў таму яго пачалі аднаўляць новыя гаспадары.

3. Сядзіба ў вёсцы Ястрамбель

Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць

У 1851 годзе вёску з усімі пабудовамі набыў шляхціц з татарскімі каранямі Міхал Катлубай, рахункавод Радзівілаўскай камісіі. Потым ягоны сын Эдвард разьвіваў маёнтак, заклаў парк і пабудаваў сядзібу зь вежай і калёнамі, падобную да замка. У 1917 годзе апошняга ўласьніка з роду Катлубаяў пасадзілі ў турму.

Пасьля тут быў дзіцячы дом і школа-інтэрнат. З 1990-х гадоў будынак стаіць закінуты.

Ястрамбель

4. Самы стары касьцёл у вёсцы Ішкалдзь

Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць

Гэта самы стары касьцёл у Беларусі, які ніколі не перабудоўвалі. Яго заснавалі ў 1449 годзе. Гэта ўнікальны для Беларусі ўзор гатычнага дойлідзтва. Будынак храма часова перадавалі кальвіністам, а потым і праваслаўным. За савецкім часам тут хацелі зрабіць зернясховішча, аднак вяскоўцы абаранілі сьвятыню. Цяпер яна дзейнічае зноў як каталіцкі касьцёл.

5. Траецкая царква ў вёсцы Вольна

Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць

Першую, уніяцкую, царкву на гэтым узвышшы пабудавалі ў 1632 годзе. Побач быў мужчынскі манастыр. Цяперашняя царква ўзьнікла ў 1768 годзе. Яе не пашкодзілі падчас дзьвюх войнаў, не зачынялі ў савецкі час. У ёй здымалі два беларускія фільмы. На ўваходзе ў царкву ёсьць пано з выявай Пагоні. У храме захоўваецца цудатворны абраз сьвятога Мікалая, а таксама копія страчанага цудатворнага абраза Маці Божай Вальнянскай.

6. Палац Радзівілаў у вёсцы Паланечцы і касьцёл, дзе хрысьцілі Дамейку

Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць

Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў XVIII–XIX стагодзьдзяў стаіць на беразе ракі Зьмейкі. Ён складаўся з палаца, капліцы-пахавальні, аранжарэі, уязной брамы, млына і парку. У 1863–1864 гадах тут дзейнічалі атрады паўстанцаў Каліноўскага. Цяпер палац стаіць закінуты. Вадзяны млын часткова абрынуўся ў раку, засталіся ягоныя руіны.

Палац Радзівілаў у Паланечцы

У вёсцы дзейнічае касьцёл сьвятога Юр’я. Першы храм на гэтым месцы пабудавалі ў 1751 годзе. Тут хрысьцілі навукоўца Ігната Дамейку. На тэрыторыі касьцёла захаваліся званіца і капліца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры дні для палацу ў Паланечцы сабралі 17 тысяч рублёў

7. Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у мястэчку Закозель

Драгічынскі раён, Берасьцейская вобласьць

Яна месьціцца за 120 кілямэтраў ад Берасьця. Гэта адна з самых старых пабудоваў у Беларусі ў стылі нэаготыкі. Паўстала ў 1839 годзе. Па некаторых зьвестках, тут хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў Рамуальд Траўгут.

Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у мястэчку Закозель

У мястэчку Закозель быў маёнтак роду Ажэшкаў, зь якім зьвязаная славутая польская паэтка і пісьменьніца Эліза Ажэшка. У XIX стагодзьдзі Нікодэм Ажэшка пабудаваў тут сядзібу з паркам, вінакурняй, гаспадарчымі аб’ектамі. Сярод усіх збудаваньняў сваёй прыгажосьцю вылучалася капліца. У ёй спачывалі нябожчыкі сямʼі Ажэшкаў. Цяпер крыпта пустая. Маёнтак забралі ў Ажэшкаў пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў. Потым тут быў каталіцкі касьцёл, а пасьля праваслаўная царква.

8. Касьцёл у Лыскаве

Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць

Драўляны касьцёл на гэтым месцы заснавалі ў 1527 годзе. У другой палове XVIII стагодзьдзя манахі-місіянэры пабудавалі тут манастыр з каменным Траецкім касьцёлам у стылі віленскага барока, які часткова захаваўся да нашых дзён.

У 1863 годзе касьцёл перадалі праваслаўнай царкве. Потым яго зноў вярнулі каталікам. У 1950-я гады храм моцна пашкодзілі, а ў 1960 годзе зачынілі.

На цьвінтары каля касьцёла пахаваны вядомы польскі драматург Францішак Карпіньскі.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў мястэчку Лыскава

9. Гранітны кар’ер у Мікашэвічах

Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць

У беларускіх Мікашэвічах — самы вялікі гранітны кар’ер у Эўропе. Горад тут заснавалі, калі адкрылі радовішча будаўнічага каменю, — у 1970-х гадах. Цяпер гэта раскоп памерам 1,77 км у шырыню і 2,76 км у даўжыню. Глыбіня кар’ера — 130 мэтраў. Яго плянуюць паглыбіць да 220 мэтраў. На дно катлавана вядзе сэрпантын.

Штогод там здабываюць 8 мільёнаў кубоў граніту. Калі ўвесь граніт выпрацуюць, зробяць тут вадасховішча.

Гранітны кар’ер у Мікашэвічах

Мікашэвічы адметныя і тым, што тут вырасла лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская.

10. Вусьце ракі Лані

Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць

У самым цэнтры Палесься, у месцы, дзе Лань упадае ў Прыпяць, жыве вялікая калёнія бакланаў і чапляў. Гэта некрануты куток дзікай прыроды на левым беразе «беларускай Амазонкі», дзе гаспадараць птушкі.

Бакланы віюць гнёзды на дубах — за апошнія дваццаць гадоў яны амаль цалкам зьнішчылі пойменную дубраву, дрэвы стаяць спрэс сухія. Белыя і шэрыя чаплі гняздуюцца ніжэй пад дубамі — у непралазным вербняку, на альховых дрэвах і лазьняку. Сэзонныя паводкі робяць гэтае месца непраходным. Да вусьця Лані можна дабрацца толькі вадою.

Вусьце ракі Лані

Каб захаваць унікальны прыродны комплекс Прыпяцкага Палесься, у 1985 годзе тут стварылі біялягічны заказьнік «Вусьце Лані» на 288 гектарах, ён мае агульнанацыянальнае значэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. Сем экзатычных месцаў, дзе можна адпачыць ад пандэміі. ФОТА