Міністар абароны Літвы: «Расея перакідае ў Беларусь у 3-4 разы больш сваіх вайскоўцаў, чым падчас вучэньняў „Захад-2021“»

Арвідас Анушаўскас

Расея перакідае ў Беларусь сілы, у некалькі разоў большыя, чым падчас вучэньняў, якія прайшлі летась у верасьні, заявіў міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

«Я лічу, што рашэньні прымаюцца ў Крамлі, бо ініцыятыва на іхным баку. Ніводная дзяржава Ўсходняй Эўропы, якая стала сябрам NATO, не пагражала і не пагражае суседнім дзяржавам. Шчыра кажучы, Расея, наадварот, нарошчвае вайсковую прысутнасьць у нашым рэгіёне», — сказаў Арвідас Анушаўскас.

Міністар адзначыў, што пытаньне бясьпекі ў рэгіёне абгаворвалі з прэзыдэнтам Літвы і Дэпартамэнтам дзяржбясьпекі.

Паводле слоў Анушаўскаса, абмяркоўваецца перакіданьне дадатковых сіл NATO ва Ўсходнюю Эўропу. «Пэўныя пляны і час рэакцыі прадугледжаны і для Літвы. Але ўсё мяняецца ў залежнасьці ад ацэнкі сытуацыі ў нашым рэгіёне», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO накіроўвае больш караблёў і самалётаў ва Ўсходнюю Эўропу

17 студзеня Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў задуму беларуска-расейскіх манэўраў «Саюзная рашучасьць – 2022». Вучэньні пройдуць з 10 па 20 лютага на беларускай тэрыторыі, а да гэтага падчас праверкі сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы ў краіну будуць прыбываць расейскія войскі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны (РНБА) Аляксей Данілаў назваў Беларусь краінай, якая цалкам захопленая Расеяй і засталася без прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вучэньні ў Беларусі — гэта яшчэ адзін фронт Пуціна у вайне нэрваў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны: «У Беларусі няма прэзыдэнта, там дамінуе Расея»