Кампанія JYSK спыняе закупку рэклямы на беларускім дзяржаўным ТБ

Кампанія JYSK вырашыла далучыцца да шэрагу іншых замежных кампаній, якія адмовіліся фінансаваць дзяржаўныя прапагандысцкія тэлеканалы.

Праваабарончая арганізацыя Libereco паведаміла ў сваім Instagram, што дацкая транснацыянальная карпарацыя JYSK, якая валодае буйной сеткай мэблевых крамаў, спыніла закуп рэклямы на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская кампанія прыпыніла рэкляму на БТ пасьля акцыі беларускай дыяспары

У паведамленьні праваабаронцы таксама заклікалі нямецкія фармацэўтычныя кампаніі перастаць фінансаваць дзяржаўнае тэлебачаньне Беларусі:

«Дацкая кампанія JYSK спыніла рэкляму на прапагандысцкім тэлебачаньні Лукашэнкі! Патрабуем ад нямецкіх фармацэўтычных кампаній спыніць фінансаваньне Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня», — гаворыцца ў паведамленьні Libereco.

  • Раней паказ рэклямы на дзяржаўным тэлебачаньні Беларусі спынілі такія замежныя кампаніі як Mentholatum, Sandоz, Henkel і іншыя.