Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую асудзілі яшчэ раз — на 2,5 года калёніі

Вольга Класкоўская, архіўнае фота

Прысуд вынес суд Маскоўскага раёну Берасьця 20 студзеня.

За «абразу прадстаўніка ўлады» Вользе прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі».

Новы тэрмін склалі з ужо вынесеным раней. Шляхам складаньня тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Новы суд над Вольгай Класкоўскай пачаўся ў Берасьці 19 студзеня. Яе прызналі вінаватай у абразе міліцыянта. Новую крымінальную справу на яе завялі ў красавіку паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Пракурор прасіў для яе 2,5 года калёніі.

У судовым працэсе палітзьняволеная ўдзельнічаць адмовілася, паколькі лічыць, што суд над ёй незаконны і несправядлівы, і са словамі «Жыве Беларусь!» пакінула пасяджэньне.

Пацярпелы — міліцыянт зь Берасьця, якога летась у верасьні Класкоўская нібыта абразіла ў сацыяльных сетках.

22 сьнежня Вольгу Класкоўскую асудзілі на 2 гады калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту, падчас якой перакрывалі рух транспарту ў менскай Серабранцы.

Вольга Класкоўская знаходзіцца за кратамі з 14 кастрычніка 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Вольгу Класкоўскую паставілі на падвойны прафіляктычны ўлік
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здаецца, гэтым пакараньням няма канца». Навіны з калёніі ад палітзьняволенай Вольгі Класкоўскай