Парлямэнт Казахстану ўхваліў адмену пажыцьцёвага старшынства Назарбаева ў Радзе бясьпекі. І ня толькі

Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамарт Такаеў

Мажыліс парлямэнту Казахстану на пленарным пасяджэньні 19 студзеня ўхваліў праект закону, які прадугледжвае адмену пажыцьцёвага старшынства першага прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў Асамблеі народу Казахстану і Радзе бясьпекі краіны, паведаміў дэпутат Канат Нураў.

«Перш за ўсё, неабходна было адмяніць пажыцьцёвае старшынства першага прэзыдэнта ў Асамблеі народу Казахстану і Радзе бясьпекі, аб чым ён ужо сам аб’явіў і што сёньня намі было зроблена. Ваш пакорны слуга ўдзельнічаў у гэтым гістарычным рашэньні мажылісу. У сэнат адпраўленыя ўсе неабходныя папраўкі ў канстытуцыйныя законы «Аб першым прэзыдэнце РК — Елбасы», «Аб Асамблеі народу Казахстану» і «Аб Радзе бясьпекі РК» у частцы таго, што цяпер старшынства ў АНК і Радзе бясьпекі па праве належыць прэзыдэнту Казахстана — паводле пасаду, а не асобы", — напісаў Нураў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

5 студзеня на фоне масавых пратэстаў у Казахстане прэзыдэнт Такаеў паведаміў, што сам уступіў на пасаду старшыні Рады бясьпекі, які па законе павінен быў пажыцьцёва ўзначальваць Назарбаеў. Акрамя таго, з пасад зьнялі некалькі высокапастаўленых асобаў, шчыльна зьвязаных з Назарбаевым. Пасьля гэтага ў сацсетках і СМІ пачалі зьяўляцца сьцьвярджэньні аб барацьбе за ўладу паміж Назарбаевым і яго пераемнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я пэнсіянэр». Назарбаеў упершыню публічна выступіў пасьля пратэстаў у Казахстане. ВІДЭА