Суд у Кіеве адмовіўся арыштоўваць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку

Парашэнка выступае на мітынгу ў ягоную падтрымку каля суду, 17 студзеня 2022 г.

Пячэрскі раённы суд Кіева прыняў рашэньне.

Пячэрскі раённы суд Кіева абраў для экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі меру папярэдняга стрыманьня ў выглядзе асабістага абавязаньня.

Абвінавачваньне прасіла суд узяць Пятра Парашэнку пад варту з альтэрнатыўнай магчымасьцю ўнесьці грашовы заклад у памеры 1 мільярд грыўняў (прыблізна 35 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Суд абраў мякчэйшую меру стрыманьня і абавязаў Пятра Парашэнку прыбываць да сьледчых і ў суд на патрабаваньне, не выяжджаць з Кіева без дазволу сьледчага, здаць замежны пашпарт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве перанес рашэньне ў справе экс-прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі

Першае пасяджэньне 17 студзеня трывала амаль 12 гадзін. Суд заслухаў бакі абвінавачваньня і абароны.

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны пазьней паведаміла, што лічыць абраную судом меру папярэдняга стрыманьня такой, «якая не забясьпечвае належных паводзінаў падазраванага Пятра Парашэнкі, а таму ў абвінавачваньня ёсьць усе падставы для яе апэляцыйнага абскарджваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка: «Па-першае, я ня буду за кратамі. Слухайце, я ўсё ж пяты прэзыдэнт»

Зноў беларускі вугаль?

Перад вяртаньнем ва Ўкраіну Пятро Парашэнка ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню «Українська правда» заявіў, што з 2019 году (пасьля перамогі Ўладзіміра Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах. — РС) пастаўкі вугалю з Расеі істотна павялічыліся. Пры гэтым пэўная частка вугалю мае, нібыта, беларускія сэртыфікаты.

«Цяпер вугаль з асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей вывозіцца ў Растоўскую вобласьць, там зьмешваецца з вугалем з Кемерава, выдаюцца фіктыўныя сэртыфікаты паходжаньня, беларускія, і празь беларускія сэртыфікаты гэты вугаль завозіцца сюды», — сказаў Пятро Парашэнка, спасылаючыся на расьсьледаваньне незалежных журналістаў.

«Да гэтага ня маюць дачыненьня ўкраінскія дзяржаўныя прадпрыемствы, з 17-га году гэтыя кампаніі захопленыя Курчанкам і расейцамі, і непасрэднае дачыненьне да гэтага мае Каламойскі пад прыкрыцьцём Зяленскага», — дадаў Пятро Парашэнка.

Раней афіцыйная статыстыка Ўкраіны не дэманстравала пастаўкі вугалю зь Беларусі. Бліжэйшымі днямі Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны павінна абнародаваць вынікі зьнешняга гандлю краіны за студзень-лістапад 2021 году.

У 2019 годзе Радыё Свабода пісала пра пастаўкі антрацытавага вугалю зь Беларусі ва Ўкраіну і краіны Эўрапейскага Зьвязу. Першая інфармацыя пра такія пастаўкі зьявілася ў афіцыйнай статыстыцы вынікаў зьнешняга гандлю Беларусі ў 2018 годзе.

У 2019 годзе эксклюзіўнае права на пастаўку вугалю з Расеі ва Ўкраіну атрымала кампанія NT Marine, зарэгістраваная ў Эстоніі. Яе зьвязвалі зь беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём, даўнім бізнэс-партнэрам Віктара Медзьведчука (апошні цяпер пад хатнім арыштам і фігуруе ў той жа справе, што і Пятро Парашэнка. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеўскі суд арыштаваў усю маёмасьць і актывы былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі

У чым падазраюць былога прэзыдэнта Ўкраіны

У дачыненьні да Пятра Парашэнкі расьсьледуецца крымінальная справа аб арганізацыі «злачыннай схемы» пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў «ДНР» і «ЛНР» у памеры 1,5 мільярда грыўняў (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Сярод фігурантаў гэтай справы — міністар энэргетыкі ў 2014–2016 гадах Уладзімір Дзямчышын, а таксама лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.

6 студзеня гэты суд арыштаваў усю маёмасьць і бізнэс-актывы пятага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі на яго паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні тэрарыстычным арганізацыям.

Паводле судовага рашэньня пад арышт трапіла маёмасьць, якая належыць падазраванаму на праве ўласнасьці згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру рэчавых правоў на нерухомую маёмасьць і Рэестру правоў уласнасьці на нерухомую маёмасьць, Дзяржаўнага рэестру іпатэк, Адзінага рэестру забароны адчужэньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці. У прыватнасьці, гэта аб’екты нерухомасьці, карпаратыўныя правы і гэтак далей.

Самога Пятра Парашэнкі 6 студзеня на пасяджэньні суду не было — ён выехаў за межы Ўкраіны 18 сьнежня 2021 году. Экс-прэзыдэнт Украіны вярнуўся ў Кіеў 17 студзеня. У аэрапорце яго сустракалі шматлікія прыхільнікі і паплечнікі.

24 сьнежня 2021 году Пятра Парашэнку абвясьцілі ва ўнутрыдзяржаўны вышук.