Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: «Па-першае, я ня буду за кратамі. Слухайце, я ўсё ж пяты прэзыдэнт»


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Народны дэпутат і пяты прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка плянуе вярнуцца ва Украіну 17 студзеня, нягледзячы на ​​крымінальную справу супраць яго.

У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў, што гаворка ідзе не пра ягоны лёс, а пра лёс Украіны.

6 студзеня Пячэрскі раённы суд Кіева арыштаваў усю маёмасьць і бізнэсовыя актывы Пятра Парашэнкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі на яго паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні тэрарыстычным арганізацыям.

Самога Парашэнкі на пасяджэньні суду не было, ягоныя інтарэсы прадстаўляў адвакат Ігар Галавань.

Пятро Парашэнка з канца сьнежня 2021 году знаходзіцца за межамі Ўкраіны і плянуе вярнуцца 17 студзеня. У ягонай камандзе перакананыя, што справа сфальсыфікаваная на даручэньне Офіса прэзыдэнта — Уладзіміра Зяленскага.

Летась 20 сьнежня Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны, Служба бясьпекі і Офіс генэральнага пракурора паведамілі, што расьсьледуюць «арганізацыю злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў „ДНР“ і „ЛНР“ у памеры 1,5 мільярда грыўняў» (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Парашэнка — у ліку «падазраваных асобаў». Паводле сьледзтва, «сваімі дзеяньнямі фігуранты справы стварылі энэргетычную залежнасьць Украіны ад Расеі і тэрарыстычных арганізацыяў». Па гэтай жа справе праходзіць і лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG