У Менску заплянавалі паставіць помнік мітрапаліту Філарэту. Каго такім чынам ушаноўвалі ў Беларусі апошнія 10 год. ФОТА

Помнік 1000-годзьдзю Берасьця, які ўключае ў сябе гістарычных асоб, што маюць дачыненьне да гісторыі гораду

У Менску заявілі, што паставяць помнік мітрапаліту Філарэту, які памёр у 2021 годзе. Свабода згадала, каму яшчэ ставілі помнікі ў Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе.

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Веньямін 13 студзеня заявіў, што ў Менску паставяць помнік былому кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Філарэту. Таксама ў Менску можа зьявіцца і плошча ягонага імя.

А каму яшчэ зьявіліся помнікі і памятныя знакі ў Беларусі за апошнія 10 год?

У чэрвені 2021 году скульптар Ігар Засімовіч стварыў два бюсты пісьменьнікам Рыгору Барадуліну і Васілю Быкаву, якія паставілі ў Вушачы, на іх малой радзіме.

Бюсты Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, Вушача

На пачатку 2020 году на закрытай для вольнага наведваньня вуліцы Стэфаніі Станюты ў Менску зьявіўся помнік сэрбскаму бізнэсоўцу Срэтэну Карычу. Заснавальніка Dana Holdings ушанавалі ў закрытым катэджным пасёлку. Ніякай працэдуры ўзгадненьня не было, але і зносіць помнік улады не патрабавалі. Аўтар скульптуры Яраслаў Філіповіч шчыра не разумеў, чаму людзям не падабаецца скульптура, якая стаіць на прыватнай тэрыторыі.

Помнік Срэтэну Карычу, Менск

У 2019 годзе ў Берасьці паставілі бюст расейскага паэта Аляксандра Пушкіна, які ў Беларусь перадала Расейскае ваенна-гістарычнае таварыства.

Бюст Пушкіна ў Берасьці

У лістападзе 2019 году ў вёсцы Глуша, што за 20 км ад Бабруйску, паставілі бюст пісьменьніка Алеся Адамовіча. Месца абралі ля Дома культуры на вуліцы Кастрычніцкай, якую ў 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары хацелі перайменаваць у вуліцу Адамовіча. Улады тады ініцыятыву не ўхвалілі. Грошы на бюст людзі сабралі самі, з ініцыятывы жыхара Бабруйску Андруся Архіпенкі. Аўтарамі выступілі скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей.

Бюст Алеся Адамовіча, Глуша

У 2019 годзе знакавы помнік зьявіўся ў Слоніме. Каля Драматычнага тэатру паставілі помнік палітычнаму і вайсковаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кампазытару, паэту, старасту слонімскаму Міхалу Казімеру Агінскаму. Гэта быў падарунак гораду ад прадпрымальніка-мэцэната Ўладзімера Вількіцкага. Раней у Слоніме зьявілася памятная шыльда на тэатры, прысьвечаная Агінскаму.

Бюст Міхала Казімера Агінскага, Слонім

У тым самым годзе, але ў жніўні, у Слоніме зьявіўся помнік палітычнаму дзеячу ВКЛ і ўладальніку гораду Льву Сапегу. Сапега асабліва праславіўся распрацоўкай Статуту Вялікага Княства Літоўскага.

Помнік Льву Сапегу, Слонім

У верасьні 2019 году ў Лідзе зьявіўся помнік Гедзіміну. Вялікі князь літоўскі ў 1316–1341 гадах, які ўдвая павялічыў тэрыторыю ВКЛ, атрымаў такім чынам афіцыйнае ўшанаваньне. Падчас яго праўленьня мураваныя замкі зьявіліся ў Лідзе, Медніках, Крэве і Віцебску. Помнік паставілі на пляцоўцы каля Лідзкага замку. Акрамя надпісу «Гедзімін», на ім прысутнічае герб «Калюмны». Помнік зрабілі паводле эскізу скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.

Усталяваньне помніка вялікаму князю Гедзіміну ў Лідзе

У траўні 2018 году ў Мерачоўшчыне Івацэвіцкага раёну зьявіўся помнік знакамітаму ўраджэнцу гэтых мясьцінаў — Тадэвушу Касьцюшку, які ў 1794 годзе кіраваў антырасейскім паўстаньнем за незалежнасьць Рэчы Паспалітай і які ўдзельнічаў у вайне за незалежнасьць ЗША. За год перад гэтым беларуская дыяспара Швайцарыі за свае грошы ўсталявала помнік Касьцюшку ў горадзе Залятурне, дзе ён памёр.

На адкрыцьці помніка Тадэвушу Касьцюшку, Мерачоўшчына

У 2018-м у Горадні на падыходзе да Старога і Новага замкаў паставілі помнік славутаму вайскаводу Давыду Гарадзенскаму — на вуліцы ягонага імя. Вышыня каменнага помніка болей за 3,5 мэтра. Аўтар — Сяргей Аганаў. Статуя конная, як і ў ягоных сваякоў Альгерда і Гедзіміна.

Помнік Давыду Гарадзенскаму, Горадня

У верасьні 2017 году каля музэю габрэйскага супраціву ў Наваградку зьявіўся помнік габрэйскай дзяўчынцы, правобразам якой стала Міхле Сасноўская. Помнік усталявалі намаганьнямі прадпрымальніка Сяргея Коваля — унука кіраўніка ўцёкаў з гета, у гадавіну гэтай падзеі. Больш за 200 чалавек уцяклі праз тунэль, які капалі некалькі месяцаў.

У 2017 годзе ў сквэры на скрыжаваньні менскіх вуліц Першамайскай і Захарава зьявіўся бюст змагара за незалежнасьць паўднёваамэрыканскіх калёній Сімона Балівара. Падарыў яго Беларусі вэнэсуэльскі ўрад да 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных адносін.

Помнік Сімону Балівару, Менск

У 2016 годзе ў Віцебску паставілі помнік князю Аляксандру Неўскаму — скульптурную кампазыцыю вышынёй 4 мэтры. Князь выяўлены з жонкай Аляксандрай і сынам Васілём. Стваральнікі помніка (Іван Казак, Аляксандар Гвозьдзікаў, Яўген Колчаў) трымаюцца вэрсіі, што аднойчы ён сюды па іх прыяжджаў. Супраць усталяваньня пратэставалі нацыянальна-арыентаваныя колы, заяўляючы, што помнік прасоўвае ідэі «русского мира».

Усталяваньне помніка Аляксандру Неўскаму

У 2016 годзе ў Сьветлагорску паставілі помнік камуністычнаму дзеячу Міхаілу Калініну, які мае непасрэднае дачыненьне да загадаў, што прывялі да масавых рэпрэсій у СССР. Як звычайна бывае з помнікамі бальшавіцкім дзеячам у Беларусі, у Сьветлагорску Калінін ніколі не спыняўся. Аднак абурэньне мясцовых жыхароў было даволі вялікае. 8 траўня 2017 году невядомыя аблілі помнік «усесаюзнага старасты» чырвонай фарбай. Работнікі камунальных службаў ня сталі яго адмываць, а падагналі аўтакран і дэмантавалі. Помнік высокапастаўленаму бальшавіку не прастаяў і году.

Помнік Калініну ў Сьветлагорску

Верасень 2016 году прынёс знакавую падзею для беларускай культуры — помнікам ушанавалі кампазытара Станіслава Манюшку і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Аўтары — Леў і Сяргей Гумілеўскія. Скульптурную кампазыцыю з постацямі стваральнікаў беларускай нацыянальнай клясычнай опэры ўрачыста адкрылі ў сквэры каля ратушы на плошчы Свабоды, у Верхнім горадзе. Менавіта тут быў Менскі гарадзкі тэатар, дзе ў 1852 годзе ўпершыню была пастаўлена опэра «Сялянка» і з прафэсійнай сцэны загучала беларуская мова.

Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Менск

У ліпені 2016 году ў цэнтры Бабруйску каля кінатэатру ў рамках сьвяткаваньня Дня гораду паставілі помнік славутаму земляку, пісьменьніку й кінасцэнарысту Эфраіму Сэвэлу. Эфраім Cэвэла (Яфім Драбкін) вучыўся на аддзяленьні журналістыкі філфаку БДУ разам з Алесем Адамовічам, пасьля працаваў на кінастудыі «Масфільм». Браў удзел у руху габрэяў за права выезду з СССР і ў 1971 годзе зьехаў у Ізраіль, пазьней у ЗША. Грошы на помнік ахвяравалі бабруйчанін Аляксандар Прасьняцоў і ўжо амэрыканскія бабруйчане Генадзь Рабкін і Фэлікс Цупрун. Скульптар — Іван Данільчанка.

Помнік Эфраіму Сэвэлу, Бабруйск

У Магілёве каля бібліятэчнага каледжу ў 2015 годзе паўстаў помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну. Не абышлося без скандалу — на пастамэнце разьмясьцілі ўрывак верша «Клеветникам России», у якім Пушкін абрынуўся на тых, хто быў супраць панаваньня Расейскай імпэрыі, у тым ліку на землях Вялікага Княства. У 2020 годзе гэта прыпомніць грамадзкі актывіст Піліп Шаўроў, які прыйдзе да помніка расейскаму паэту ў Менску, пастаўленага значна раней, і пафарбуе яму далоні ў чырвоны колер, сымбалічна паказаўшы, што той удзельнічаў у прапагандзе запрыгоньваньня беларускіх земляў. На судзе Шаўроў патлумачыць учынак агульным пратэстам супраць гвалтоўнай русыфікацыі Беларусі.

Бюст Аляксандра Пушкіна, Магілёў

Бюст савецкага палкаводца Георгія Жукава на «Лініі Сталіна» паставілі ў 2015 годзе. Скульптар — Міхаіл Сердзюкоў. Гэта ўжо трэці ў Беларусі бюст Жукава — яшчэ ёсьць у Менску і Слуцку. Жукаў служыў на тэрыторыі Беларусі каля 17 гадоў.

Бюст Георгія Жукава, «Лінія Сталіна», Менская вобласьць

У 2014 годзе ў Віцебску непадалёк ад ратушы паставілі помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду. Цырымонію адкрыцьця на Рыначнай плошчы прысьвяцілі 1040-годзьдзю гораду. Аўтар — Сяргей Бандарэнка.

Помнік вялікаму князю Альгерду, Віцебск

Помнік патрыяршаму экзарху Філарэту ня будзе першым, пастаўленым у гонар дзеяча РПЦ на беларускай зямлі. Помнік Аляксію ІІ быў пастаўлены ў гістарычным цэнтры Віцебску ў 2013 годзе. Скульптар — Уладзімер Слабодчыкаў. Тагачасны кіраўнік Маскоўскага патрыярхату наведаў Віцебск у 1998 годзе, калі заклаў капсулу з памятнай граматай у падмурак храма і асьвяціў першы камень на аднаўленьне Ўсьпенскага сабора. Адметна, што помнік Аляксію ІІ паставілі на тым самым месцы, дзе ў свой час забілі ўніяцкага арцыбіскупа сьвятога Язафата Кунцэвіча.

Помнік Аляксію ІІ, Віцебск

Ля магілёўскага касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Сьвятога Станіслава) у 2013 годзе паставілі помнік папу рымскаму Яну Паўлу II. Агулам пасьля сьмерці пантыфіка ў Беларусі зьявілася звыш 10 помнікаў яму, звычайна каля касьцёлаў. Першы зь іх — у вёсцы Мосар. Затым Караля Вайтылу, якога каталіцкая царква прызнала сьвятым, ушанавалі ў выглядзе помнікаў у Валожыне, Маладэчне, Нарачы, Віцебску, Докшыцах, Мёрах, Шуміліне, Івянцы, Берасьці, Магілёве, Ракаве, Менску.

Помнік Яну Паўлу ІІ, Магілёў

У 2013 годзе ў вёсцы Парэчча слонімскія актывісты ўсталявалі памятны знак на магіле паўстанца Міхаіла Валовіча і яго 12 паплечнікаў. У мармуры выбіты партрэт Валовіча й імёны 10 паўстанцаў 1830–1831 гг. — два імёны высьветліць не ўдалося. Памятныя знакі за апошнія дзесяць год зьявіліся на многіх магілах славутых людзей. У прыватнасьці, жорны ў Вушачы на магіле Рыгора Барадуліна і ягонай маці, помнік на магіле ахвяры савецкіх партызан Васіля Струпаўца ў Якімавічах на Слонімшчыне і іншыя.

Помнік Міхалу Валовічу і ягоным паплечнікам, Парэчча

У лістападзе 2012 году ў Старых Дарогах паставілі помнік навукоўцу, асьветніку і калекцыянэру Анатолю Беламу. Места абралі каля ягонай сядзібы і прыватнага музэю. Бюст зрабіў народны мастак Беларусі Ўладзімер Лятун, усталяваўшы яго на валуне. Дзякуючы намаганьням Белага былі знойдзеныя пляцоўкі і сродкі для ўсталяваньня помніка Эўфрасіньні Полацкай у Полацку, Максіму Багдановічу ў расейскім Яраслаўлі, Ларысе Геніюш у Зэльве, а таксама зьявіўся знакаміты ансамбль помнікаў беларускім дзеячам у дворыку БДУ, дзе асьветнік працаваў з 1968 году.

Помнік Анатолю Беламу, Старыя Дарогі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў цэнтры Менску так і не зьявіўся помнік князю Глебу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быкаў, Каліноўскі, Суцін ды іншыя. Каму варта паставіць помнікі ў Менску?