Мігранцкі крызіс: У Варшаве заявілі, што беларускія сілавікі кідалі камяні ў польскіх памежнікаў

Беларуска-полськая мяжа.

Прадстаўнік спэцслужбаў Польшчы заявіў, што мэты створанага рэжымам Лукашэнкі крызісу на мяжы выходзяць далёка за межы міграцыйных праблем.

Польская памежная служба заявіла, што беларускія сілавікі кідалі камяні ў польскія патрулі. Інцыдэнт адбыўся 12 студзеня.

У ведамстве адзначылі, што ўчора ўвечары на ўчастку, які ахоўвае памежная служба у Чарэмсе, беларускія спецслужбы закідалі польскія патрулі камянямі. Ніхто не пацярпеў. У той дзень таксама незаконна перасячы мяжу спрабавалі 16 нерэгулярных мігрантаў. Агулам за месяц такіх спробаў было 391.

9 студзеня зь беларускага боку зноў кідалі камяні і бярвёны ў польскіх памежнікаў. 8 студзеня паведамлялася пра інцыдэнт на беларуска-польскай мяжы, у якім пацярпела польская памежніца.

Становішча на мяжы Беларусі з Эўразьвязам сур’ёзна палепшылася пасьля шэрагу эвакуацыйных рэйсаў, які арганізавалі Ірак і Сырыя пры дапамозе фінансаў Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За год польска-беларускую мяжу спрабавалі незаконна перасячы 39,7 тысяч разоў; 11,2 тысячы мігрантаў прыбылі ў Нямеччыну празь Беларусь

Прадстаўнік спэцслужбаў Польшчы: Мэты крызісу выходзяць за рамкі міграцыйных праблем

Дзеяньні менскага рэжыму зьяўляюцца часткай значна больш сур’ёзнага пляну, варожага нашаму рэгіёну, заявіў прэс-сакратар польскага міністра-каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын у аўтарскай калёнцы на сайце тэлеканала TVP World.

«З пачатку крызісу, створанага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі на мяжы з Польшчай, стала зразумела, што міграцыйны маршрут — гэта форма апэрацыі, мэты якой выходзяць далёка за рамкі міграцыйных праблем», — выказаўся Станіслаў Жарын.

Жарын зазначыў, што Паўночнаатлянтычны альянс павінен «назіраць за гэтымі падзеямі і аналізаваць іх праз прызму сучасных гібрыдных пагроз» для дзяржаў – сяброў NATO.

На яго думку, «рэальным бэнэфіцыярам нападаў на Польшчу, Літву і Латвію» зьяўляецца «Расея, якая на працягу многіх гадоў зьдзяйсьняе дзеяньні супраць Захаду, адначасова выкарыстоўваючы розныя формы агрэсіі».

«Дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, накіраваныя на дэстабілізацыю межаў ЭЗ і NATO, дапаўняюцца іншымі агрэсіўнымі дзеяньнямі Расеі і Беларусі, накіраванымі супраць краін альянсу. Менск і Масква вядуць пастаянную і сыстэматычную інфармацыйную вайну супраць Захаду, у прыватнасьці дыскрэдытуючы краіны ўсходняга флянгу NATO», — зазначыў прадстаўнік ведамства.