Эўразьвяз: АДКБ павінна паважаць сувэрэнітэт Казахстану

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Казахстане выказала занепакоенасьць гвалтам у краіне і абвясьціла пра гатоўнасьць дапамагчы ва ўрэгуляваньні сытуацыі

Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 10 студзеня заяве ў сувязі з абвешчаным у Казахстане днём агульнанацыянальнай жалобы. Гэтую заяву цытуе DW.

«Мы глыбока шкадуем з прычыны гібелі людзей і рашуча асуджаем шырокамаштабныя акты гвалту. Важна прадухіліць далейшае абвастрэньне сытуацыі, пазьбягаць любога падбухторваньня да гвалту, заўсёды праяўляць стрыманасьць і пазьбягаць выкарыстаньня беспарадкаў у іншых мэтах», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вашынгтон хоча, каб Казахстан патлумачыў: навошта спатрэбілася выклікаць сілы АДКБ

Як адзначана ў заяве, Казахстан — важны партнэр для ЭЗ, і Эўразьвяз гатовы «дапамагчы ў мірным урэгуляваньні крызісу». Пры гэтым у заяве зьмяшчаецца заклік да ўладаў краіны паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды сваіх грамадзян, у прыватнасьці — свабоду сходаў, выказваньня меркаваньняў і сродкаў масавай інфармацыі.

У сваю чаргу, вайскоўцы і кіраўніцтва апэрацыі сілаў АДКБ, якая праводзіцца ў краіне, таксама павінны паважаць ня толькі асноўныя правы грамадзянаў краіны, але і «сувэрэнітэт і незалежнасьць Казахстану».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія вайскоўцы ў Казахстане расказалі, што ўваходзіць у іх задачы. ВІДЭА