Вашынгтон хоча, каб Казахстан патлумачыў: навошта спатрэбілася выклікаць сілы АДКБ

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Вашынгтон дамагаецца ад уладаў Казахстану тлумачэньняў аб тым, чаму ім спатрэбілася прыцягваць АДКБ, у якой галоўную ролю адыгрывае Расея, для падаўленьня хваляваньняў унутранага характару.

Акрамя таго, кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі асудзіў аддадзены ўладамі Казахстану загад страляць на паражэньне.

«Загад страляць на паражэньне, у той ступені, у якой ён дзейнічае, зьяўляецца няправільным і павінен быць адменены», – заявіў Блінкен у інтэрвію нядзельнай праграме «На гэтым тыдні» на канале АВС.

У адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану заявілі ў нядзелю, што «ва ўсіх рэгіёнах краіны сытуацыя стабілізаваная». Заява зьявілася пасьля некалькіх дзён хваляваньняў і ўказаньня прэзыдэнта Такаева сілам бясьпекі страляць па пратэстоўцах на паражэньне без папярэджаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану выдаліў свой твіт аб нібыта нападзе на Алматы «20 тысячаў тэрарыстаў»
  • За тыдзень казахстанскія сілы бясьпекі затрымалі 5800 чалавек, паведаміла ў нядзелю Адміністрацыя прэзыдэнта Казахстану і заявіла, што сярод затрыманых «ёсьць значная колькасьць замежнікаў».
  • Паведамляецца таксама, што загінулі 18 супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
  • Такаеў праігнараваў заклікі правесьці перамовы з пратэстоўцамі. Ён працягвае сьцьвярджаць, што яны былі навучаныя і арганізаваныя нейкімі замежнымі структурамі.
  • Дзярждэпартамэнт ЗША ўхваліў «добраахвотны ад'езд» з консульства ў Алматы амэрыканскіх урадавых службоўцаў, якія не выконваюць працу надзвычайнай важнасьці, і чальцоў іх семʼяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Казахстану назвалі агульную лічбу ахвяраў: 164 чалавекі – а потым сказалі, што памыліліся