Лукашэнка: Беларусь адправіць у Казахстан міратворчую роту

Беларускія дэсантнікі, 2017 г.

Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што адправіць у Казахстан міратворчую роту. У ёй будзе ад 100 да 300 чалавек.

«Мы дамовіліся, што павінны міратворчай місіяй займацца, дапамагаць людзям. Таму ідзе перакіданьне войскаў туды эшалёнамі з Масквы, нашы хлопцы будуць зь Менску туды вылятаць. Наша рота міратворчая, тая, што і павінна працаваць у такіх умовах», — цытуюць Лукашэнку агенцтвы.

У складзе беларускай міратворчай роты пастаянна служаць 100 чалавек, пры неабходнасьці склад можа быць павялічаны да 300 чалавек.

«Падразьдзяленьне прайшло ўвесь комплекс навучаньня і падрыхтаванае для выкананьня такіх задач. Яно ўкамплектаванае толькі кантрактнікамі. Сёньня ўначы гэта падразьдзяленьне зьдзейсьніла марш у раён аэрадрома Мачулішчы, дзе ажыцьцёўлена пагрузка на самалёты Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер яно рухаецца да месца выкананьня задач», – заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

  • 103-я Вiцебская асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада была створаная ў 1992 годзе, а ў 2007 годзе ўвайшла ў склад Сілаў спэцыяльных апэрацый Рэспублікі Беларусь. Дысьлякуецца ў Віцебску.
  • У склад брыгады ўваходзяць тры асобныя парашутна-дэсантныя батальёны, зьмяшаны артылерыйскі дывізіён, зэнітная ракетна-артылерыйская батарэя, батальён сувязі, выведвальная рота, інжынэрна-сапёрная рота, рота аховы і абслугоўваньня, рамонтная рота, рота матэрыяльнага забесьпячэньня і мэдычная рота.
  • Брыгада мае на ўзбраеньні БТР-70МБ1, мінамёт Нона-М1, бранявік Volat V1, БРДМ «Кайман», АК-74М, ВСК-94, СВД, РПГ-7.
  • У 2010 годзе ўдзельнічалі ў міратворчай місіі ў Ліване, але афіцыйна не паведамлялася, у якім складзе і зь якім узбраеньнем.
  • Раней СМІ меркавалі, што Беларусь адправіць у Казахстан у рамках апэрацыі АДКБ па падаўленьні пратэстаў і беспарадкаў каля 500 салдат, Расея – каля 3000, Таджыкістан – каля 200, Армэнія – каля 70.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рада БНР выступіла супраць адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Казахстан

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апазыцыйныя сілы Беларусі супольна выступілі супраць накіраваньня беларускіх вайскоўцаў у Казахстан