У заяве падкрэсьліваецца, што падзеі ў Казахстане зьяўляюцца ўнутраным палітычным канфліктам і няма фактаў, якія пацьвярджаюць, што крызіс выкліканы зьнешняй агрэсіяй або зьвязаны са зьнешнімі тэрарыстычнымі пагрозамі.
«Вулічны пратэст — гэта адзін зь нямногіх даступных пры аўтарытарных рэжымах спосабаў выказваньня грамадзянскай волі. Мы разумеем імкненьне супрацьстаяць дыктатуры і паважаем права казахстанцаў вызначаць лёс сваёй краіны», — гаворыцца ў заяве.
У ёй сьцьвярджаецца, што дамова АДКБ аб калектыўнай бясьпецы «стваралася для адбіцьця зьнешняй агрэсіі, а не вырашэньня ўнутраных палітычных праблем краін-удзельніц», таму накіраваньне войскаў, як і наданьне любой іншай вайсковай дапамогі дзейнаму ўраду Казахстану, «стварае небясьпечны прэцэдэнт замежнага збройнага ўмяшаньня ва ўнутраныя палітычныя канфлікты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
МЗС Беларусі выступіла з абгрунтаваньнем накіраваньня войскаў у Казахстан«У сувязі з гэтым мы заяўляем: увод войскаў можа на шмат гадоў ускладніць сяброўскія адносіны паміж беларускім і казаскім народамі. Вайсковае ўмяшаньне ва ўнутраны канфлікт у Казахстане супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, можа прывесьці да значных людзкіх і матэрыяльных стратаў і шкоды міжнароднай рэпутацыі нашай краіны.
Мы не прымаем прымяненьня беларускіх войскаў для вырашэньня палітычных канфліктаў як у Беларусі, так і за межамі краіны. Іх задача — абарона сувэрэнітэту і гарантаваньне бясьпекі Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
Прадстаўнікі Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва падкрэсьліваюць, што не прымаюць прыняцьця падобных рашэньняў «ад імя чалавека, пазбаўленага легітымнасьці па выніках выбараў 2020 году», і выказваюць упэўненасьць, што цяперашні крызіс у Казахстане яго народ можа вырашыць самастойна праз шырокі ўнутраны дыялёг і дэмакратычныя працэдуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ніводзін беларускі салдат ня будзе ваяваць на чужой зямлі». Што Лукашэнка казаў пра ўдзел беларусаў у вайне Прэзыдэнт Казахстану 5 студзеня зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай аказаць дапамогу ў пераадоленьні «тэрарыстычнай пагрозы». У склад кантынгенту, накіраванага ў Казахстан, увайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Паводле папярэдніх зьвестак, ад Беларусі ў Казахстан ляціць 103-я брыгада паветрана-дэсантных войскаў сілаў спэцыяльнай абароны.ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Рада БНР выступіла супраць адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Казахстан