Вядомых беларускіх футбольных трэнэраў Ганчарэнку і Ермаковіча звольнілі з расейскага «Краснадару»

Віктар Ганчарэнка

Віктар Ганчарэнка і Аляксандар Ермаковіч найбольш вядомыя працай у барысаўскім БАТЭ і ЦСКА са сталіцы Расеі.

Расейскі футбольны клюб «Краснадар» звольніў галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнку. Кантракт зь беларусам разарваны меней чым праз год пасьля заключэньня ў красавіку 2021-га. Таксама клюб расстаўся з двума асыстэнтамі трэнэра: Васілём Беразуцкім і беларусам Аляксандрам Ермаковічам.

Дамова Ганчарэнкі дзейнічала да чэрвеня 2023 году. Аб прычынах адстаўкі каманда з паўднёвага захаду Расеі не гаворыць, аднак варта адзначыць, што спартовымі вынікамі яна наўрад ці прадыктаваная — становішча «Краснадару» ў турнірнай табліцы чэмпіянату неблагое, калектыў ідзе на 5-й пазыцыі з адставаньнем ад 1-га месца ў 9 пунктаў за 12 тураў да канца першынства, што пакідае «зялёна-чорным» вялікія шанцы на ўзнагароды.

Ганчарэнка — самы пасьпяховы футбольны трэнэр у найноўшай гісторыі Беларусі, некалькі разоў атрымліваў афіцыйную ўзнагароду «Трэнэр году» на радзіме. Пад яго кіраўніцтвам БАТЭ некалькі разоў выходзіў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, прычым маючы ў асноўным складзе амаль выключна беларускіх гульцоў.

У ЦСКА праца Ганчарэнкі на пачатку таксама была дастаткова пасьпяховай. Як асыстэнт галоўнага трэнэра Ганчарэнка заваяваў з маскоўскімі «армейцамі» залатыя мэдалі чэмпіянату Расеі 2016 году, а стаўшы галоўным трэнэрам, заваяваў срэбра чэмпіянату і дайшоў да 1/4 фіналу Лігі Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольны трэнэр Ганчарэнка: «Я супраць, каб амапаўцы білі беларускі народ». ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-9 прабеларускіх спартоўцаў і ініцыятываў