Улады ў Астраўцы выказаліся за наданьне адной з вуліц горада імя Адама Мальдзіса

Адам Мальдзіс, 2017 год.

Адама Мальдзіса пахавалі 5 студзеня на могілках роднай вёскі Задворнікі Астравецкага раёну.

Улады ў Астраўцы выказаліся за наданьне адной зь вуліц горада імя Адама Мальдзіса, такая прапанова прагучала падчас пахаваньня навукоўца ў Задворніках на Астравеччыне. Пра гэта піша мясцовы сайт ostrovets.by.

«Думаю, будзе правільна, калі адну з вуліц Астраўца мы назавём імем Адама Мальдзіса. Трэба падумаць і пра мэмарыяльную дошку ці бюст, прысьвечаны нашаму слыннаму земляку», — прапанаваў намесьнік старшыні Астравецкага райвыканкама Генадзь Бычко.

Гісторык беларускай літаратуры Адам Мальдзіс памёр 3 студзеня на 90-м годзе жыцьця. 5 студзеня разьвітанне з ім адбылося ў Чырвоным касьцёле ў Менску. А пахавалі яго на радзіме ў вёсцы Задворнікі Астравецкага раёну.

У Менску разьвіталіся з Адамам Мальдзісам. ФОТА

Адам Мальдзіс — доктар філялягічных навук, аўтар унікальных дасьледаваньняў у галіне гісторыі беларускай літаратуры. У 1962–1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. Быў стваральнікам і дырэктарам Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тытан сучаснага беларускага Адраджэньня, чалавек-энцыкляпэдыя. Вядомыя беларусы пра Адама Мальдзіса
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Адам Мальдзіс ня быў акадэмікам, значыць, у Беларусі няма Акадэміі навук
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр літаратуразнавец Адам Мальдзіс