Прэм’ер-міністар Судану сышоў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў

Пратэсты ў Судане, 30 сьнежня 2021

Прэмʼер-міністар Судану Абдала Хамдук 2 студзеня заявіў пра сыход у адстаўку на фоне палітычнага крызісу і масавых вулічных пратэстаў супраць улады вайскоўцаў.

У тэлезвароце прэмʼер заявіў, што яго адстаўка дасьць шанец выйсьці з тупіку і сфармаваць новы кабінэт міністраў. У той самы дзень у Хартуме і Амдурмане, калі разганялі дэманстрацыі прыхільнікаў дэмакратычных пераўтварэньняў, забілі ня менш як двух чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Судане перад масавай акцыяй пратэсту адключылі мабільны інтэрнэт

У кастрычніку вайскоўцы фактычна адхілілі Хамдука ад улады, затрымаўшы шэраг міністраў ягонага ўраду. На фоне масавых пратэстаў празь месяц было падпісанае палітычнае пагадненьне паміж фактычным кіраўніком краіны генэралам Абдэль Фатахам аль-Бурханам і прэмʼер-міністрам, які вярнуўся да выкананьня абавязкаў. Аднак Хамдуку так і не ўдалося сфармаваць новы кабінэт наўзамен ранейшага, распушчанага вайскоўцамі.

Пасьля таго як два гады таму скінулі аўтарытарнага прэзыдэнта Амара аль-Башыра, Суданам кіруе Сувэрэнная рада, у якую ўваходзяць як вайскоўцы, так і цывільныя асобы. Яе заданьне — падрыхтаваць умовы для правядзеньня свабодных выбараў. Вайскоўцы абяцалі не перашкаджаць выбарам. Нядаўні пераварот яны абгрунтавалі імкненьнем устанавіць парадак на час пераходнага пэрыяду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністра Судану вызвалілі з-пад варты

Кіраўнік Сувэрэннай рады генэрал Бурхан па-ранейшаму запэўнівае, што Судан працягне рух да дэмакратыі. Аднак удзельнікі вулічных пратэстаў ня вераць гэтым абяцаньням.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра вайсковы пераварот у Судане