Паўднёвая Афрыка разьвіталася з барацьбітом з апартэідам Дэсмандам Туту

Дэсманд Туту, 2007 год

1 студзеня ў саборы Сьвятога Юрыя ў Кейптаўне прайшла паніхіда па арцыбіскупу Дэсманду Туту.

На просьбу самога Туту пахаваньне было простым, яго цела паклалі ў сасновую труну.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1984 году, чарнаскуры арцыбіскуп Англіканскай царквы Дэсманд Туту памёр 26 сьнежня на 91-м годзе жыцьця ў шпіталі ў Кейптаўне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Дэсманд Туту, першы чорнаскуры біскуп ПАР і змагар з апартэідам
  • Туту — адзін з самых вядомых барацьбітоў з апартэідам — рэжымам праўленьня белай меншасьці ў ПАР, які існаваў з канца 1940-х да 1994 года. Патрабуючы ад сусьветнай супольнасьці ўзмацніць ціск на паўднёваафрыканскія ўлады, ён адначасова заклікаў да міжкультурнага і міжрасавага дыялёгу ўнутры краіны. І актыўна адстойваў дэмакратычныя каштоўнасьці, асабіста прымаючы ўдзел у дыялёгу аб перадачы ўлады ўраду, які прадстаўляе ўсё насельніцтва. Пасьля дэмантажу апартэіду Туту ўзначальваў Камісію праўды і прымірэньня, створаную для расьсьледаваньня палітычна матываваных злачынстваў часоў расавай сэгрэгацыі.