Пуцін прапанаваў пазбаўляць расейскага грамадзянства за цяжкія злачынствы

Уладзімір Пуцін. Масква, 23 сьнежня 2021

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс на разгляд у Дзяржаўную думу закон «Аб грамадзянстве Расейскай Фэдэрацыі».

У ім прапанавана зьмяніць крытэры атрыманьня і пазбаўленьня грамадзянства.

Уладзімір Пуцін прапануе ўвесьці інстытут спыненьня расейскага грамадзянства замест адмены рашэньняў аб прыёме ў грамадзянства. Таксама прапануецца пазбаўляць набытага грамадзянства за цяжкія ўчынкі (тэрарызм, наркатычныя справы, злачынствы супраць дзяржавы). Паўнамоцтвы ў спыненьні расейскага грамадзянства прапанавана перадаць Міністэрству ўнутраных спраў.

Таксама пашыраюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта Расеі ў пытаньнях, зьвязаных з асобамі, якія маюць права атрымаць грамадзянства ў спрошчаным парадку.
Кіраўнік дзяржавы можа вызначаць такія катэгорыі ў любых мэтах, а не толькі ў гуманітарных. Гэтаксама ён атрымае магчымасьць спыняць грамадзянства дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай грамадзян замежных дзяржаў, незалежна ад месца іх пражываньня.

Раней некаторыя беларускія чыноўнікі і асобныя сілавыя структуры агучвалі ідэю пазбаўляць грамадзянства і канфіскоўваць маёмасьць у тых, хто заклікае да палітычных і эканамічных санкцый супраць Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін запрасіў тэлефонную размову з Байдэнам. Яна адбудзецца 30 сьнежня