Паводле інфармацыі @viktarbabarykaofficial, Эдуарда абвінавачваюць у распальваньні варожасьці і арганізацыі масавых беспарадкаў.
Статус палітвязьня ў крымінальнай справе, зьвязанай зь меркаваным ухіленьнем ад выплаты падаткаў, застаецца невядомым.
У чым падазраюць Эдуарда Бабарыку:
- артыкул 130 Крымінальнага кодэксу, частка 3 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці);
- артыкул 293 частка 1 (Арганізацыя масавых беспарадкаў).
Кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі ягонага сына Эдуарда Бабарыку затрымалі летась 18 чэрвеня. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, нядаўна яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
17 сьнежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрыманьня Эдуарда. Паводле дзейнага заканадаўства, гэта максымальны тэрмін, калі чалавек можа знаходзіцца пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва. Але малады чалавек на волю так і ня выйшаў.
Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, працягваць утрыманьне пад вартай даўжэй за 18 месяцаў можна, калі папярэдняе расьсьледаваньне скончылі, а матэрыялы крымінальнай справы перадалі фігуранту, каб азнаёміцца. Адвакаты Эдуарда Бабарыкі знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня могуць камэнтаваць сытуацыю.
Бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае ён пакараньне ў Наваполацку.
Адрас Эдуарда:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка.