Дырэктар кампаніі Aivitam выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту за рэпост артыкулу з сайту Zerkalo.io

Ізалятар на завулку Акрэсьціна

Бізнэсоўца асудзілі за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Інфармацыя пра затрыманьне вэнчурнага інвэстара, дырэктара кампаніі Aivitam Дзьмітрыя Досава зьявілася 13 сьнежня. Аднак, як удалося высьветліць рэсурсу dev.by, насамрэч яго забралі 10 сьнежня, а на волю ён выйшаў 25-га.

Дзьмітры Досаў у размове з журналістамі інтэрнэт-выданьня ўдакладніў, што ў той дзень да яго дадому ўварваліся «чалавек восем зь пісталетамі і шчытамі».

Падчас ператрусу нічога не знайшлі, але забралі тэлефон, ноўтбук і адвезьлі ў ГУБАЗіК. І ўжо там наткнуліся на адзін рэпост у асабістыя паведамленьні з сайту Zerkalo.io. Гэта быў артыкул пра бізнэс.

Кіраўніка ІТ-кампаніі асудзілі на 15 содняў паводле арт. 19.11 ч. 2 КаАП — «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі рэжым бачыць у айцішніках палітычных праціўнікаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 сьнежня: герою мэму пра памідоры са сьмятанай далі 15 дзён арышту; 2 гады «хіміі» за камэнтар пра сілавікоў