У Менску ад сьвяточнай ілюмінацыі пацярпелі мужчына з сабакам

Сьвяточная ілюмінацыя на Кастрычніцкай плошчы, архіўнае фота

На сталічнай Кастрычніцкай плошчы сабаку і яго гаспадара ўдарыла токам. Прычынай — сьвяточная ілюмінацыя.

Як піша партал Оnliner, увечары 25 сьнежня Марына зь сям’ёй і сабакам гуляла па Кастрычніцкай плошчы. У нейкі момант жывёліна з сынам жанчыны зайшлі пад сьветлавыя аркі. Сабака тут жа ўпаў, як быццам у сутаргах, пачаў выць, абкусаў сабе лапы і язык. Адцягнуўшы сабаку, Марынін муж падышоў забраць пакінутыя там рэчы, і яго таксама ўдарыла токам.

Сужэнцы напісалі дзьве заявы ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску: адну з апісаньнем сытуацыі, другую — з просьбай прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці асобу, адказную за эксплюатацыю электрычнага абсталяваньня. На 28 сьнежня ніякага адказу няма.

Па камэнтар Onliner зьвярнуўся ў прэс-службу ГУУС Менгарвыканкаму. Афіцыйныя прадстаўнікі ведамства толькі ўдакладнілі, што ўнітарнае прадпрыемства «Менскэнэрга» ў цяперашні час праводзіць праверку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах на занятках памерла адзінаццаціклясьніца

Таксама журналісты высьветлілі, што сьвяточныя аркі належаць дзяржаўнаму прадпрыемству «Менскрэкляма».

«Усе непаладкі зьліквідаваныя, аркі працуюць, людзі могуць гуляць на плошчы і не баяцца за здароўе. Мы разьбіраемся ў сытуацыі, зрабілі запыт у „Менгарсьвятло“, неўзабаве нам павінны падаць інфармацыю», — растлумачылі ў арганізацыі.

На гэты момант вынікаў праверкі наконт магчымых прычынаў інцыдэнту няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Докшыцах у фантане загінула 22-гадовая дзяўчына, падазраюць удар токам