Жыхар Бабруйску, асуджаны за абразу Лукашэнкі, выехаў зь Беларусі

Суд Бабруйскага раёну. Ілюстрацыйнае фота

Рамана Стацэвіча спачатку пакаралі «хіміяй» за абразу Аляксандра Лукашэнкі, але потым суд замяніў яму пакараньне на адзін год калёніі агульнага рэжыму.

Пра тое, што ён пакінуў Беларусь, паведаміў праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.

На пачатку траўня Стацэвіч размаўляў у відэачаце «Рулетка» з выпадковым суразмоўцам і неасьцярожна выказаўся ў адрас Лукашэнкі. Той аказаўся былым супрацоўнікам міліцыі, які цяпер дапамагае сілавікам выкрываць асобаў, якія нібыта распаўсюджваюць ідэі падрыву аўтарытэту ўлады. Ён выставіў запіс гутаркі з Раманам у сваім YouTube-канале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уцяклі, калі зразумелі, што наперадзе турма». За мяжу выехалі лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч зь сябрам Віталём Трыгубавым

Пасьля гэтага на Стацэвіча завялі крымінальную справу. У жніўні яму прысудзілі два гады «хіміі», але пракуратура апратэставала прысуд як празьмерна мяккі. У лістападзе суд замяніў яму пакараньне на адзін год калёніі агульнага рэжыму.

На днях стала вядома, што Раман Стацэвіч выехаў з Беларусі з дапамогай фонду BYSOL.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябар загінулага Ашурка: «Камандзір, які пасылае непадрыхтаванае войска ў бой з прафэсійнымі жаўнерамі, — ваенны злачынца»