Нягледзячы на пярэчаньні батанікаў і мясцовых жыхароў, у Пінскім раёне сьпілоўваюць векавыя дубы

Сьпілаваныя дубы. Ілюстрацыйнае фота

На могілках вёскі Ахова пад Пінскам пачалі сьпілоўваць старыя дубы.

Раней тут прайшлі грамадзкія слуханьні, на якіх абмяркоўвалася высяканьне некалькіх дрэваў. Прычынай стаў зварот жыхароў, чые сваякі пахаваныя на вясковых могілках, піша «Зялёны партал».

У выніку 29 чалавек прагаласавалі за тое, каб дрэвы, якія тэарэтычна могуць пашкодзіць помнікі, сьпілавалі. Блізу дзясятка выказаліся супраць, бо гэта ня проста старыя дрэвы, а гістарычная каштоўнасьць. Мяркуецца, што некаторым дубам 200-300 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наступствы буры і санітарная высечка». Пад Менскам сьпілоўваюць стагадовыя дубы і яліны

Пінскі райвыканкам яшчэ ўвесну адказаў, што працы па высечцы дубоў праводзіцца ня будуць, бо батанікі з інстытуту імя Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук зацікаўленыя ў грунтоўным абсьледаваньні. Згодна з экспэртызай, усе дрэвы на могілках здаровыя і моцныя.

Аднак у сьнежні векавыя дубы ўсё ж пайшлі пад пілу. Мясцовы жыхар расказаў, што пад корань пасьпелі сьпілаваць адзін дуб. Мужчына патрабаваў дакумэнты, на падставе якіх праводзіліся работы, аднак на яго выклікалі ўчастковага і завялі справу за «перашкоду законнай дзейнасьці».

Мясцовыя пэнсіянэры выступілі супраць сьпілаваньня дубоў. На могілкі прыехаў АМАП і службы ДАІ, затрымалі дырэктара Дома культуры, Аляксандра Дзямчука. Ён зьбіраў подпісы і выступаў за захаваньне дрэваў. Затрымалі пасьля таго, як ён залез на дрэва і нібыта перашкаджаў іх спілу. Цяпер дрэвы пілуюць, паведамляе @belsat.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім Ракаўскім прадмесьці высякаюць дрэвы. «Гэта былі нашы лёгкія!»

Пазьней раённыя ўлады сустрэліся зь вяскоўцамі і паведамілі, што дубы выдаляць «на падставе высноваў лясгасу і архітэктурна-плянавальнага бюро Пінскага раёну», якія прызналі дрэвы небясьпечнымі для эксплюатацыі лініі электраперадач.

Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці, мясцовы актывіст ужо зьвярнуўся ў пракуратуру, Пінскі выканкам, а таксама ў адміністрацыю Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лясах Беларусі толькі 3% дрэў — дубы