У Расеі зьявіцца мабільная аплікацыя для скаргаў на экстрэмізм

У Расеі зьявіцца спэцыяльны мабільны дадатак, з дапамогай якога карыстальнікі змогуць паскардзіцца ў наглядныя органы на экстрэмізм.

Адпаведную дзяржзакупку выявіла выданьне «Коммерсант». Заказчыкам выступае Генэральная пракуратура, якая заплаціла за распрацоўку дадатку для iOS і Android дзесяць з паловай мільёнаў рублёў. Выканаўцам тэндэру ведамства выбрала індывідуальную прадпрымальніцу з Санкт-Пецярбургу Анастасію Арцем'еву. Яна мусіць выканаць кантракт да 1 сакавіка.

Раней кампанія «Рунетсофт», генэральным дырэктарам якой была Арцемʼева, атрымлівала дзяржаўныя кантракты ад Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і рэгіянальных органаў улады.

Адзначаецца, што ў новым дадатку пры падачы скаргі карыстальнікам трэба будзе пакінуць свае імя, прозьвішча і электронную пошту. Тыя, хто спампуюць дадатак, змогуць таксама чытаць стужку навін і глядзець 15-сэкундныя ролікі на аснове матэрыялаў Генпракуратуры.

Кіраўнік практыкі лічбавай стратэгіі «Крок» Яўгенія Рыжова лічыць, што сыстэма будзе запатрабаванай, паколькі звароты грамадзян – адна з асноўных крыніц інфармацыі для дзяржаўнага органа. Кіруючы партнэр юрыдычнай кампаніі «Ікерт і партнэры» Павел Ікерт мяркуе, што людзей можа адпудзіць тое, што Генпракуратура атрымае доступ да іх геалякацыйных і пэрсанальных дадзеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі абавязалі ўсталёўваць «Яндэкс.Браўзэр» і антывірус Касьперскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аплікацыя «Навальный» зьнікла з Google Play і App Store