Эдуард Бабарыка стаў падазраваным у новай крымінальнай справе. Яму можа пагражаць да 20 гадоў няволі

Эдуард Бабарыка з Аляксандрай Зьверавай і камандай Ulej.

Палітзьняволены Эдуард Бабарыка ня выйшаў на волю пасьля заканчэньня 18 месяцаў утрыманьня пад вартай праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Паводле папярэдняй інфармацыі прэс-службы Віктара Бабарыкі, ён зьяўляецца падазраваным у новай крымінальнай справе.

Пра гэта піша афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

У чым падазраюць Эдуарда Бабарыку:

  • артыкул 130 Крымінальнага кодэксу, частка 3: распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці;
  • артыкул 293 частка 1: арганізацыя масавых беспарадкаў.

Абвінавачаньня Эдуарду яшчэ ня выставілі.

Кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі Эдуарда Бабарыку затрымалі летась 18 чэрвеня. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, нядаўна яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

17 сьнежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрыманьня Эдуарда. Паводле дзейнага заканадаўства, гэта максымальны тэрмін, калі чалавек можа знаходзіцца пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва. Але малады чалавек на волю так і ня выйшаў.

Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, працягваць утрыманьне пад вартай даўжэй за 18 месяцаў можна, калі папярэдняе расьсьледаваньне скончылі, а матэрыялы крымінальнай справы перадалі фігуранту, каб азнаёміцца. Аднак дакладнай інфармацыі, ці завяршылі справу і ці знаёміліся з матэрыяламі Эдуард і ягоныя адвакаты, няма. Адвакаты Эдуарда Бабарыкі знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня могуць камэнтаваць сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эдуард Бабарыка правёў у СІЗА паўтара году